Аблава ў Лельчыцах: ГУБАЗіК затрымаў каля пяці жыхароў
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні па палітычных прычынах жыхароў райцэнтра Лельчыцы на Гомельшчыне.
01.09.2022 / 18:22
Адзін з затрыманых — дырэктар мясцовага СТА Сяргей Бараноўскі.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына быў падпісаны на «экстрэмісцкія рэсурсы», а ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах. Таксама сілавікі прымушаюць мужчыну на відэа назваць свой «высокі заробак» — 1000 беларускіх рублёў.
Другую затрыманую завуць Аліна Федаровіч. У відэа дзяўчына кажа, што была падпісаная на «экстрэмісцкія каналы», аднак пазней ад іх адпісалася.
Як паведамляюць сілавікі, «зафіксаваныя факты яе зносін са здраднікамі праходзяць праверку ў Следчым камітэце на прадмет дапамагання экстрэмісцкай дзейнасці».
Пад «здраднікамі» лукашысты маюць на ўвазе ўдзельнікаў руху за свабодныя выбары і аднаўленне дэмакратыі і канстытуцыйнай законнасці ў краіне.
Жыхары Лельчыц кажуць, што ўсяго палітычная паліцыя затрымала каля пяці чалавек.