Супраць Еўрасаюза, НАТА і Украіны. У антыўрадавым мітынгу ў Празе прынялі ўдзел 70 тысяч чалавек

Не менш як 70 тысяч чалавек прынялі ў суботу ўдзел у антыўрадавым мітынгу ў цэнтры Прагі, паведамляе «Свобода» са спасылкай на паліцыю Чэхіі. Удзельнікі патрабавалі адстаўкі кабінета міністраў, абʼяўлення краінай нейтралітэту і заключэння дагавораў аб куплі таннага газу, у прыватнасці, у Расіі. Прэм'ер-міністр краіны Пётр Фіяла заявіў, што мітынг арганізаваны прарасійскімі арганізацыямі.

03.09.2022 / 19:01

 Мітынг у Празе 3 верасня. Фота: АР

Акцыя на Вацлаўскай плошчы пад назвай «Чэхія на першым месцы» праходзіць пад лозунгамі супраць Еўрасаюза, НАТА і падтрымкі Украіны ў вайне з Расіяй. Выступоўцы патрабуюць абмежаваць прыём бежанцаў з Украіны, абвясціць нейтралітэт і сфарміраваць «чэшскі, а не брусэльскі ці ўкраінскі» ўрад, — паведамляюць Lidové noviny.

Урад крытыкуюць за рост цэнаў на энерганосьбіты і высокую інфляцыю.

Прэмʼер-міністр краіны Пётр Фіяла заявіў, што мітынг арганізаваны прарасійскімі арганізацыямі, якія выступаюць супраць інтарэсаў Чэхіі.

У пятніцу апазіцыі ў парламенце не ўдалося адправіць урад Чэхіі ў адстаўку на галасаванні па вотуме недаверу. Дэбаты і галасаванне доўжыліся 22 гадзіны. За адстаўку кабінета прагаласавалі 84 з 200 дэпутатаў пры неабходным 101 голасе.

Унутры Еўрасаюза Чэхія выступае за жорсткі курс да Масквы. Краіна выслала большасць расійскіх дыпламатаў, падтрымлівае санкцыі супраць Расіі, перастала выдаваць большасць відаў віз расійскім грамадзянам і абмежавала навучанне расійскіх студэнтаў у ВНУ.

Nashaniva.com