«Я ведаю — будучыня належыць нам». Моцнае апошняе слова Аляксандра Францкевіча

Тэлеграм-канал «Рэвалюцыйнае дзеянне» апублікаваў моцнае апошняе слова палітвязня Аляксандра Францкевіча, якога лукашэнкаўскі суд сёння асудзіў да 17 гадоў зняволення строгага рэжыму. З прамовы вынікае, што нягледзячы на два гады ізаляцыі, Францкевіч добра арыентуецца ў тым, што адбываецца ў Беларусі і свеце, падтрымлівае Украіну і верыць у перамогу.

06.09.2022 / 18:21

Скажу шчыра, у мяне першапачаткова было іншае апошняе слова. Яно было напісанае ў іншым кантэксце, можна сказаць, у іншай краіне. Тыя ахвяры, прынесеныя ў імя адзінаасобнай улады ў 2020-м годзе, прыцьмілі цяпер ваенныя злачынствы, у якіх Лукашэнка стаў саўдзельнікам. Калі арыштоўвала мяне палітычная паліцыя аўтарытарнай дзяржавы, то судзіць мяне ўжо ваенна-грамадзянская адміністрацыя Беларускай акругі.

Але, нягледзячы на ўсю жорсткасць, усю нахабную хлусню, агрэсіўнае невуцтва, нягледзячы на велізарную колькасць бессэнсоўнага гвалту, я ведаю — час моцных гаспадарнікаў і збіральнікаў зямель сышоў.

Гэта ведаюць нават тыя, хто па інерцыі або з-за страху выконвае ўсе загады, указы і заданні. Гісторыя пераварочвае старонку, і ў новым раздзеле гэты змрочны перыяд знойдзе сваю вартую таго ацэнку.

Тыя ж, каго вымусілі з'ехаць, каго судзяць і прэсуюць у калоніях, тыя, хто на фронце ваюе з імперскім вар'ятам — яны будуць вызначаць будучыню Беларусі. Вырашаць праблемы, назапашаныя за дзесяцігоддзі безадказнага і самадурнага праўлення.

Адзінае, пра што шкадую — што не прыклаў больш сілаў, больш намаганняў, каб гэтыя сцены паваліліся. Не зрабіў больш для таго, каб Расія ўрэшце была разбураная. Не быў у Кіеве тады, калі рускі вайсковы карабель пайшоў у пэўным кірунку, а кіяўляне спынілі арду, што ўявіла сябе непераможнай.

Я ведаю і веру — замест таталітарызму, улады хамаў і цынікаў, замест непадзельнага панавання нямногіх над большасцю, мы ўбачым увасабленне прамой дэмакратыі і сапраўднага народаўладдзя. Не недзе далёка, а тут, у нас, у Беларусі.

Я ведаю — будучыня належыць нам. Жыве Беларусь і Слава Украіне!

Nashaniva.com