Еўропа рыхтуе «супрацьяддзе» для гіпергукавых ракет Расіі

Абаронныя кампаніі Іспаніі і ФРГ прыступяць да сумеснай распрацоўкі сістэм перахопу гіпергукавой зброі, паведамляе выданне Defense news. Распрацоўка праекта пад назвай European Hypersonic Defense Interceptor (EU HYDEF) абыйдзецца еўрапейскім краінам у 110 млн еўра.

06.09.2022 / 19:26

Расійскі гіпергукавы ракетны комплекс «Кінжал». Фота: Вікіпедыя

Над сістэмай перахопу будуць працаваць іспанская кампанія Sener Aerospacial Sociedad Anonima і нямецкая Diehl Defence. Першая зоймецца каардынацыяй праекта, а другая — агульным тэхнічным кіраўніцтвам.

У кампаній ужо ёсць сумесны вопыт працы над нямецкай СПА IRIS-T. «Мэта — стварыць еўрапейскі перахопнік супраць пагроз на перыяд да 2035 года і далей», — піша выданне са спасылкай на дакументы Еўрасаюза.

Работы будуць ісці пад эгідай Еўрапейскага абароннага фонду. Рэалізацыя праграмы разлічаная на 1,5 года. Новы распрацаваны перахопнік плануюць інтэграваць у сістэмы СПА, атрымаўшы магчымасць процідзейнічаць такім паветраным сродкам паражэння, як гіпергукавая зброя і балістычныя ракеты.

Еўрапейская камісія абвясціла ў ліпені пра планы выдзеліць каля 1,2 млрд еўра для 61 праекта па даследаваннях і развіцці ў галіне абароны.

Nashaniva.com