У Латвіі забаранілі выдаваць беларусам дазволы на жыхарства
Грамадзянам Беларусі і Расіі да 30 чэрвеня 2023 года не будуць выдаваць дазволы на жыхарства ў Латвіі. Рашэнне аб гэтым апублікавана на сайце ўрада Латвіі.
06.09.2022 / 20:10
Да 30 чэрвеня 2023 года будзе спыненая выдача дазволаў на часовае знаходжанне ў Латвіі грамадзянам Расіі і Беларусі, за выключэннем асоб, якія знаходзяцца ў Латвіі доўгі час.
Акрамя таго, у адпаведнасці з папраўкамі ў заканадаўства мяркуецца, што грамадзяне і неграмадзяне Латвіі, якія хочуць стаць грамадзянамі іншай краіны і пры гэтым застацца ў Латвіі, павінны здаць тэст на веданне дзяржаўнай мовы і пацвердзіць наяўнасць неабходных фінансаў.
Пры гэтым прапануецца зрабіць выключэнне для студэнтаў і навукоўцаў, якія хацелі б застацца ў Латвіі пасля заканчэння вучобы або даследчых праектаў. Таксама выключэнні могуць зрабіць для інвестараў і прадпрымальнікаў, але іх будуць старанна правяраць ведамствы нацыянальнай бяспекі.
Падкрэсліваецца, што прадугледжаныя ў прававым акце нормы не закранаюць права асоб, якія просяць міжнародную абарону, на атрыманне адпаведнага статусу міжнароднай абароны.