Аб'яднаны пераходны кабінет прыняў першую пастанову
Пастанова № 1 называецца «Аб абароне незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь».
07.09.2022 / 20:07
У тэлеграм-канале Кабінета адзначаецца:
«Сёння Украіна ацаніла стан Беларусі, як стан «акупаванай краіны». Раней часткова акупаванай Беларусь назваў міністр замежных спраў Літвы. Гэта найцяжэйшы час для незалежнасці нашай краіны за апошнія 30 год. Абарона і аднаўленне незалежнасці — гэта першачарговая задача Пераходнага Аб’яднанага Кабінета, і таму першая пастанова выканаўчага органа дэмакратычных сілаў вызначае гэты прыярытэт».
Сама пастанова прадугледжвае:
«1. Лічыць першачарговай задачай Кабінета аднаўленне і абарону суверэнітэту Рэспублікі Беларусь».
2. Патрабаваць і дамагацца безумоўнага вываду войскаў Расійскай Федэрацыі з тэрыторыі Беларусі. Скаардынаваць з замежнымі партнёрамі і прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў супольныя дзеянні ў гэтым напрамку.
3. Аказваць усямерную дапамогу Украіне па адбіцці ваеннай агрэсіі Расійскай Федэрацыі, абароне ёю сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту, у тым ліку шляхам арганізацыйнай і тэхнічнай падтрымкі беларускага добраахвотніцкага, валанцёрскага і партызанскага рухаў у барацьбе за адстойванне незалежнасці Беларусі і Украіны.
4. Забяспечыць прадстаўленне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне для ўсталявання і падтрымкі кантактаў, гатовых садзейнічаць выконванню першачарговай задачы Кабінета».
Пра стварэнне Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі 9 жніўня на канферэнцыі ў Вільні аб'явіла Святлана Ціханоўская. Яна з'яўляецца кіраўніцай Кабінета. У яго склад цяпер уваходзяць: Валер Кавалеўскі, намеснік кіраўніцы і прадстаўнік Кабінета па замежных справах, Павел Латушка, намеснік кіраўніцы і прадстаўнік Кабінета па транзіце ўлады, Аляксандр Азараў, прадстаўнік Кабінета па аднаўленні правапарадку, Валерый Сахашчык, прадстаўнік Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы.