«Злуюся на гэтага «змоўшчыка», але люблю гэтага хлопца». Жонка Фядуты атрымала спатканне з мужам
Жонка палітзняволенага літаратуразнаўца і палітыка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко пасля абвяшчэння яму прысуду ў 10 гадоў зняволення атрымала права на спатканне з мужам. Гэта было ўпершыню за амаль 17 месяцаў, уражанні яна выклала ў фэйсбуку.
07.09.2022 / 21:52
Аляксандр Фядута з жонкай
«А ў нас новага тое, што сёння бачылася з АІФам, было спатканне праз шкло. Ну, прыйшоў час убачыць «змоўшчыка» (амаль праз 17 месяцаў) не ў клетцы суда, а хоць праз шкло… Рыхтуецца да перасылкі і калоніі, таму пастрыгся яшчэ карацей. Рэшта зубоў ўражвае, з палачкай, але досыць бадзёры і задаволены (напэўна, таму што сёння ў іх банны дзень).
Чакае кнігі з крамы і дазволу аддаць мне рукапіс, бо следчы так і не дазволіў (вельмі доўга вывучае). Усім перадаў прывітанне і падзяку тым, хто падтрымаў на судзе, усім пажадаў здароўя і волі.
Злуюся на гэтага «змоўшчыка», але люблю гэтага хлопца. Дай Бог нам усім сілаў», — напісала Марына Шыбко.