Каменны калодзеж і шафа, распісаная Драздовічам. Такія цуды захаваліся ў вёсцы на Глыбоччыне 

Аўтары тэлеграм-канала «Вёскі Беларусі» ездзяць па вясковай бацькаўшчыне і апісваюць у канале свае ўражанні. Сярод іншага яны ехалі на магілу вядомага беларускага мастака Язэпа Драздовіча, а ў вёсцы каля тых могілак пабачылі сапраўдныя цікавосткі. 

08.09.2022 / 22:46

Падарожнікі пішуць:

«Мы ехалі па вёсцы, калі заўважылі калодзеж, выраблены з каменя і прыпыніліся, каб паглядзець. Насупраць, у сваім двары стаяла бабуля, да якой мы накіраваліся, каб спытаць хто зрабіў такую прыгажосць. Бабуля пачала распавядаць пра суседа, а мы ёй распавялі, што едзем на магілу Драздовіча.

І што вы думаеце? Праз 10 хвілін размовы Мальвіна Браніславаўна (так, мы пазнаёміліся) раптам кажа: «Хадзіце, я вам пакажу Язэпа Драздовіча шкаф». Мы нават аслупянелі.

Сапраўды, у яе хаце стаіць размаляваная Драздовічам шафа. На кожных дзверцах яго подпіс. Мальвіна Браніславаўна сказала, што ўжо хацелі яе набыць, але сын не хоча прадаваць сямейную каштоўнасць. А таксама распавяла, як яна мые шафу, каб не пасціраліся фарбы. Працаваў тады Язэп Драздовіч за ежу. У вёсцы шмат у каго былі ягоныя дываны, абрусы ці шафы, куды цяпер усё падзелася, бабуля не ведае.

Мы проста прыпыніліся і паразмаўлялі з бабуляй. Цуд».

Nashaniva.com