Першая птушка амністыі: пасля года з паловай за кратамі на волю выйшаў Юрый Чыж
Як стала вядома «Нашай Ніве», камісія па памілаванні задаволіла хадатайніцтва экс-бізнэсмена Юрыя Чыжа аб спыненні крымінальнага пераследу. Ён знаходзіўся за кратамі з 15 сакавіка 2021 года і ўжо на волі.
12.09.2022 / 12:13
Чыжа затрымалі па вяртанні з Масквы паўтара года таму. Да таго ён паспеў перапісаць дом у Драздах на нявестку і тануў у судах, дзе былыя партнёры і контрагенты патрабавалі ад яго выплат па даўгах.
«Да затрымання ён насамрэч быў у кепскім псіхалагічным стане і нават перастаў размаўляць з сынам, падазраючы яго ў здрадзе», — казалі «Нашай Ніве» знаёмыя Чыжа.
Сэнс крымінальнай справы перагукаўся з ранейшай справай супраць Чыжа, распачатай у 2016-м — калі яго затрымлівалі па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.
Чытайце таксама: Затрыманы Юрый Чыж. Падрабязнасці
Тады справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і пагадзіўся кампенсаваць шкоду гады наперад. Але Чыж па абавязацельствах не плаціў, хаця асобныя яшчэ «жывыя» яго бізнэсы прыносілі грошы.
У бізнэс-колах папулярная думка, што насамрэч бізнэсмена «кашмараць» па прычыне нібыта схаванага недзе за мяжой мільярда даляраў, які трэба вярнуць у Беларусь.
У любым разе, за час за кратамі Чыж прыкладаў намаганні для таго, каб скінуць з сябе фармальныя прэтэнзіі.
У прыватнасці, ён «закрыў» старую гісторыю з Япрынцавым і Чукісавым, якім павінен быў грошы.
Пасля гэтага ён пісаў ліст у гэтак званую «камісію па памілаванні» і чакаў адказу месяцамі.
Імаверна, па звароце было прынята пазітыўнае рашэнне — як стала вядома супрацоўнікам «Трайпла», Юрый Чыж выйшаў на волю.