Рэцэпт на выхадныя. Гарбузовы суп — карысна, густа, цёпла
Гарбузы — хараство восені. Яркі і вітамінны гарбузовы суп — адзін з найлепшых для халоднага сезону.
17.09.2022 / 12:29
Фота: BBC Food
Для гарбузовага супу вам спатрэбіцца:
- 1 вялікая цыбуліна (нарэзаная)
- 2 морквы (здыміце з іх скуру і нарэжце)
- 2 зубкі часнаку
- 1 лаўровы ліст
- 25 грамаў масла
- 2 сталовыя лыжкі алею
- 1 сярэдні гарбуз з прыкладнай вагай 850 грамаў (дастаньце з яго насенне і нарэжце мякаць)
- 1 бульбіна сярэдняга памеру, пажадана з высокай колькасцю крухмалу
- 1 літр расліннага ці курынага булёну (магчыма, спатрэбіцца крыху больш), але можна і без яго
- 100 мілілітраў вяршкоў з 20-33% тлушчу ў складзе
- 3 сталовыя лыжкі гарбузовага насення
- соль і перац
- можна трохі імберцу
- вельмі добра гарбузовы суп дапаўняе свежая меліса (трава-лімонка)
- падаваць добра з падсушаным несалодкім белым хлебам ці крутонамі
- Пакладзіце ў вялікую каструлю цыбулю, моркву, часнок, лаўровы ліст, масла і палову аліўкавага алею. Варыце сумесь на слабым ці сярэднім агні прыкладна 10 хвілін, пакуль гародніна не стане мяккай, але яна не павінна змяніць свой колер.
- Дадайце мякаць гарбуза і бульбу, перамяшайце і варыце яшчэ 2—3 хвіліны. Дадайце булён, добра прыпраўце соллю і перцам і давядзіце да кіпення. Паменшыце агонь, каб сумесь слаба кіпела, накрыйце каструлю напалову вечкам і працягвайце варыць суп яшчэ каля 40 хвілін. Правярайце гатоўнасць на мякаці гарбуза з дапамогай нажа — гародніна павінна памякчэць.
- Прыбярыце з каструлі лаўровы ліст, пераліце ў блендар, дадайце крыху імберцу і мелісу і ўзбіце суп у блендары да аднастайнасці.
- Пераліце суп з блендара назад у каструлю, дадайце вяршкі і, калі суп занадта густы, трохі булёну ці вады. Пакаштуйце суп і дадайце яшчэ крыху солі і перцу, калі трэба.
- Разагрэйце ў патэльні рэшту алею, дадайце туды гарбузовае насенне і хутка падсмажце яго, пакуль семечкі не пачнуць падскокваць на патэльні. Здыміце насенне з патэльні.
- Разліце суп па місках і падавайце з вяршкамі, падсмажаным насеннем, падсушаным белым хлебам ці крутонамі