Жыхара Віцебска асудзілі на чатыры гады калоніі
Судовая калегія Віцебскага абласнога суда 6 верасня завяршыла разгляд крымінальнай справы Анатоля Міхайлава. 28-гадовага мужчыну абвінавачвалі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання (ч. 3 арт. 361-3), распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130), абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368) і абразе прадстаўнікоў улады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».
15.09.2022 / 10:28
Працэс вяла старшыня судовай калегіі Галіна Бондал.
Анатоль Міхайлаў быў затрыманы пры канцы красавіка 2022 года. Перад гэтым, 8 красавіка, суд Першамайскага раёна Віцебска пакараў яго арыштам на 15 сутак за распаўсюджванне і захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў па арт. 19.11 КаАП.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, Анатоль Міхайлаў, з сакавіка 2021 года па студзень 2022-га ў інтэрнэце размяшчаў каментарыі графічныя матэрыялы з заклікамі да распальвання нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, а таксама абразы на адрас кіраўніка дзяржавы і супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Паводле звестак праўладных каналаў, прычынай затрымання стала рэгістрацыя ў «Плане «Перамога». Паведамлялася, што Анатоль таксама запоўніў анкету, каб паехаць ваяваць ва Украіну.
Ён жа ў сакавіку 2022 года стаў удзельнікам дэструктыўных Telegram-канала і Telegram-чата.
У выніку ён атрымаў чатыры гады калоніі і штраф у 3,2 тысячы рублёў.