Пачула заклік уладаў і паехала падымаць малую радзіму. Цяпер звяртаецца да Лукашэнкі, бо да астатніх ужо звярталася

Відэазварот жыхаркі вёскі Коханаўка Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці Ксеніі Палаш да Лукашэнкі сабраў за некалькі тыдняў больш за 300 тысяч праглядаў і больш за 1200 каментарыяў. Ксенія кажа, што адважылася на гэты зварот, бо больш няма куды звяртацца — усе інстанцыі яна ўжо прайшла. Жанчына расказвае пра застарэлыя праблемы вёскі, якія яе і знішчаюць і на якія ўлады заплюшчваюць вочы.

15.09.2022 / 13:52

Ксенія распавядае, што дом яны з сям'ёй пачалі шукаць сабе ў 2016 годзе ў Мінскай вобласці, але нічога прыдатнага не знайшлі. У 2018 годзе быў абвешчаны Год малой радзімы, і гэта натхніла, дало надзею на падтрымку ўладаў для тых, хто рушыць услед іх заклікам ехаць падымаць вёску.

У 2020 годзе, калі пачалася пандэмія каранавіруса, «і ў Мінску стала знаходзіцца проста немагчыма» яны паехалі па абласцях і знайшлі дом. Дом не пад Мінскам, а ў вёсцы Коханаўка Асіповіцкага раёна. У тым жа годзе яны пераехалі, чакаючы, што як мінімум: «Палкі ў колы нам соваць не будуць. Але выйшла як выйшла».

2020—21 год, па словах Ксеніі, яны займаліся ўладкаваннем участка — там рос такі бур'ян, што «не было відаць хлява».

«Мы год патрацілі на тое, каб проста расчысціць участак і зрабіць больш-менш прымальныя ўмовы для жыцця ў самім доме», які 15 гадоў стаяў пустым.

Ксенія кажа, што ёй дасталася 18 сотак зямлі: «Я не магу на 18 сотках зямлі весці паўнавартасную сельскую гаспадарку». Яна хоча зямлю побач з домам, якая стаіць парослая бур'яном.

У 2021 годзе Ксенія прыехала ў БТІ даведацца наконт зямлі. І там ёй сказалі: не пытанне.

У лютым 2022 года яна звярнулася ў сельсавет. У адрозненне ад БТІ, у сельсавеце ёй адказалі, што гэтую зямлю не дадуць, бо некалькі гадоў таму аддалі гаспадарцы ААТ «Авангард-Ніва».

«Ну, думаю, добра, вазьму, што даюць». Але па словах, Ксеніі, нічога ёй да гэтай пары не далі, хоць павінны былі гэта зрабіць да 30 мая.

Ксенія распавядае, што не можа нават птушку выпусціць на траву, таму што няма дзе.

Дзяўчына паехала ў «Авангард-Ніву» пагаварыць з дырэктарам пра тое, ці гатовыя даць ёй гэтую зямлю.

Там ёй спачатку таксама сказалі — не пытанне, табе ў арэнду 3 гектары паложаныя, пішы заяву. Напісала.

Але далей, па словах Ксеніі, юрыст дала заключэнне, што яны не могуць даць зямлю фізічнай асобе, могуць толькі юрыдычнай і пад бізнэс-план.

«Праблемка», — захоўвае іронію дзяўчына.

Тады Ксенія напісала ў Адміністрацыю прэзідэнта з той жа просьбай — даць ёй зямлю.

З адміністрацыі ліст адправілі ў Асіповіцкі выканкам.

Праз месяц Асіповіцкі выканкам адказаў, што яны… гэтае пытанне задалі Магілёўскай землеўпарадкавальнай службе.

«Потым выдатная карціна алеем, я пішу чарговыя лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта, іх адпраўляюць ужо ў Магілёўскі выканкам. А Магілёўскі выканкам піша, што няма законных падставаў для канфіскацыі гэтай зямлі. Каму мне яшчэ пісаць?

Зямля — вось яна зямля. Звярнуцца мне сапраўды больш няма да каго».

Другая праблема — гэта закрыццё дзіцячага садка ў суседнім аграгарадку Карытнае. Калі дзяцей перавядуць у Глушу, а дакладна гэта, па словах Ксеніі, пакуль невядома — бацькам трэба будзе неяк вырашаць транспартнае пытанне.

На машыне, паказвае гугл-мапа, ад Коханаўкі да Глушы — 18 км.

Калі машыны няма, гэта ператвараецца ў квэст, пра які Ксенія распавядае ў дэталях.

Спачатку да аўтобуснага прыпынку — паўкіламетра. У 8:43 адыходзіць аўтобус. У 9:30 ён прыязджае на вакзал у Асіповічах. З Асіповічаў трэба дабрацца да Бабруйска (так, па-іншаму ніяк, падкрэслівае Ксенія). У 11:30 — адпраўленне з Бабруйска на адзіным аўтобусе да Глушы. І ў 13:30 — у Глушы.

Каб вярнуцца назад, неабходна нейкім цудам апынуцца ў 14:35 на вакзале ў Асіповічах. «Без асабістага транспарту дабрацца па-іншаму — ніяк. Добра я, у мяне ёсць машына, ёсць вадзіцельскае пасведчанне, дый то… летась на дарозе агульнага карыстання захрасла так, што два тросы парвалі, пакуль даставалі, і машына ў рамонце на месяц», — распавядае Ксенія.

А ў многіх людзей, якія жывуць у аграгарадку, няма машын. А дзеці ёсць. Ксенія кажа, што з-за закрыцця садка хлопчык з групы яе сына з'язджае з Карытнага жыць у Асіповічы. А тата хлопчыка — камбайнёр. То-бок вёска пазбавіцца каштоўнага спецыяліста.

Яна распавядае, што міма іх вёскі і Глушы ходзіць аўтобус з Глуска, але ў іх ён не спыняецца.

«Без грамадскага транспарту мы знішчым вёску канчаткова. Яе і так мала засталося. У нашай вёсцы толькі 10 жылых дамоў. У аграгарадку, вядома, больш. Але гэта пакуль больш», — кажа Ксенія.

«Я ўжо нават не кажу пра дзясятак працоўных месцаў, якія мы страцілі разам з закрыццём садка. А куды пойдуць жанчыны, якія адпрацавалі ў садку па 30 гадоў. Куды яны зараз пойдуць? У нас працоўных месцаў — крама, пошта і гаспадарка — усё, больш нічога няма».

Яшчэ адно пытанне, якое падняла жанчына, гэта высакахуткасны інтэрнэт — «мы ўсё-такі жывём у 21 стагоддзі». Яна кажа, што ў 400 метрах ёсць лінія Белтэлекама. Яна пісала туды, але ёй адказалі адмовай, нібыта няма тэхнічнай магчымасці падключыць іх.

«А мне вельмі хацелася б усё-ткі мець магчымасць чытаць свежыя навіны з правераных крыніц, кантактаваць з сябрамі, глядзець фільмы, навучацца чамусьці новаму. Ну і, вядома, мець сістэму «разумны дом», каб можна было птушачку паіць, карміць аўтаматычна, каб сістэма сама сачыла за тэмпературай, глядзела за інкубатарамі», — кажа яна.

«Мы прыехалі сюды таму, што мы пачулі заклікі аб малой радзіме, што трэба падымаць сяло, што трэба падымаць вось такія хутары. У нас тут дзясятак жылых дамоў, і вёска ўсё пусцее і пусцее. І вельмі балюча і крыўдна глядзець на тое, як мы маглі б зрабіць нешта, нешта змяніць. Але мы не можам», — рэзюмуе жанчына.

Nashaniva.com