«Рускі — гэта стан душы. З намі Бог!». «Усё, рабяты, усё зараз пойдзе зусім па-іншаму!» У перадачах Кісялёва, Салаўёва, Скабеевай з'явіліся новыя акцэнты
Скабеева, Кісялёў і Салаўёў — галоўныя асобы расійскай прапаганды. Іх праграмы небяспечныя для псіхікі, таму мала хто з вас іх глядзіць. Але мы зрабілі гэта за вас. Расказваем, пра што гаворыць расійская прапаганда апошнія дні і як выкручваецца ў асвятленні ізюмскага разгрому расійскай арміі.
16.09.2022 / 17:37
«Вести недели» з Кісялёвым
«Вельмі цяжкі тыдзень на франтах спецаперацыі. Перагрупоўванне нашых баявых парадкаў», — адразу задае тон перадачы Дзмітрый Кісялёў, вядучы праграмы, якая была амаль цалкам прысвечаная расійска-ўкраінскай вайне.
Прапагандысты не сталі прыхоўваць горкую праўду ад расіян, але, вядома, выкарыстоўвалі спецыфічную лексіку для апісання ўцёкаў Расіі.
Увесь час і Кісялёў, і рэпарцёры выкарыстоўвалі слова «перагрупоўванне», але пры гэтым дадаючы, што адбылося яно «пад націскам перавышаючых сіл праціўніка».
«Падобна, характар, і нават маштаб дзеянняў Расіі падчас спецаперацыі (вайны, — заўв. НН) ва Украіне пачынае змяняцца. Мы дзейнічаем куды больш рашуча. Жарты скончыліся!», — кажа Кісялёў, з захапленнем расказваючы, як Расія знішчае ва Украіне энергетычную інфраструктуру.
«Хлопцы настроеныя па-баявому, гатовыя працаваць. Усё зробім для таго, каб адстаяць і забраць. Рускія не здаюцца. Рускі — гэта стан душы. З намі Бог!» — заяўляе ў сюжэце расійскі вайсковец, які ледзь падбірае словы, каб не перайсці на маты.
Рэпарцёры і сам Кісялёў увесь час пазбягаюць выкарыстання слоў «украінская армія». Ужываюцца фармулёўкі «фармаванні рэжыму», «кіеўскія баевікі», «бандэраўскія тэрарысты» і іншыя. Гэта робіцца па зразумелай прычыне. Калі адна армія ваюе супраць іншай арміі, яна павінна выконваць нормы міжнароднага гуманітарнага права, правілы вядзення вайны. А вось ваюючы супраць тэрарыстаў і незаконных узброеных фармаванняў, выконваць гэтыя нормы не абавязкова, таму Расія і робіць усё, каб не называць украінскую армію арміяй.
Прапагандысты апраўдваюцца: так, мы пакінулі Харкаўшчыну, а вось ва ўкраінцаў шкода яшчэ большая, дый кіравалі там усім заходнія інструктары.
«А вось гэты выстрал будзе помстай таварышам украфашыстам», — гаворыць у кадры нейкі расійскі салдат.
Бухае гармата.
«Вось, а цяпер я шчаслівы», — задаволена кажа расіянін.
«Амерыка і НАТА настроеныя максімальна зацягнуць канфлікт ва Украіне», — зноў бярэ слова Кісялёў і расказвае, што канфлікт вакол Украіны нібыта распаліла Амерыка, якая хоча пасварыць Расію з наіўнай і дурной Еўропай.
Паказалі ў перадачы і выступленне Пуціна на форуме ва Уладзівастоку. Па версіі расійскага прэзідэнта, у спыненні паставак расійскага газу ў Еўропу вінаватыя… украінцы і палякі.
«Мы нічога не страцілі і не страцім… Мы яшчэ нічога не пачыналі з пункту гледжання ваенных дзеянняў, мы імкнёмся толькі скончыць», — хлусіць Пуцін на форуме.
На акупаваных Расіяй тэрыторыях, гаворыцца ў перадачы, людзі стараюцца «проста жыць». Крамлёўскае СМІ малюе ідылічную карціну жыцця пад акупацыяй: пенсіі плацяцца, дамы і дарогі будуюцца, дзеці нараджаюцца і гэтак далей.
«Вызвалены ад украінскіх нацыстаў Марыупаль імкліва вяртаецца да нармальнага жыцця», — кажа прапагандыст.
У сюжэце пахваліліся, што акупацыйная адміністрацыя аднавіла ажно тры школы ў амаль цалкам зруйнаваным горадзе (дзе да вайны жыло 450 тысяч чалавек).
Ва ўсіх зруйнаваных будынках былі «базы Азова», сцвярджае прапагандыст.
Але ў выніку Расія ўсё адбудуе, усіх накорміць, напоіць і сагрэе, абяцаюць прапагандысты.
У адрозненне ад жыхароў Марыупаля і Херсона, заходнім краінам, па версіі прапагандыстаў, пашанцавала менш. Еўропу чакае холад і голад, гаворыцца ў перадачы.
Еўрапейцы бунтуюць і вось-вось знясуць свае ўрады, санкцыі супраць Расіі знімуцца, Украіна падзе і вайна скончыцца на ўмовах Расіі — прапагандысты не прыхоўваюць гэтага разліку Крамля.
«60 минут» са Скабеевай
Прапагандыстка Вольга Скабеева пачынае перадачу, хвалячыся, што расійская армія нанесла ўдары па аб’ектах крытычнай інфраструктуры ў раёне Крывога Рога.
«Сем крылатых ракет пашкодзілі дамбу на Карачунаўскім вадасховішчы. Дамба атрымала сур’ёзныя пашкоджанні, з-за чаго ў рацэ Інгулец падняўся ўзровень вады.
Крывы Рог (а гэта радзіма Зяленскага) амаль цалкам затоплены», — трыумфуе і смяецца Скабеева.
Насамрэч, узровень вады падняўся на метр-два, былі падтопленыя дачы і прыватны сектар, але ўкраінскія камунальныя службы цягам некалькіх гадзін прынялі меры для выпраўлення сітуацыі.
«Мы ў хуткім часе будзем гуляць па Мікалаеве і вызваленай Адэсе. Калі нехта расказвае нам пра нашы паражэнні, я нагадаю толькі словы нашай рускай класікі.
«Запомните, враги, наш тактический приём.
Когда мы отступаем, это значит, мы вперёд идём».
Таму што маці-прырода хутка прынясе нам зіму, падчас якой усё стане зразумелым», — кажа ў перадачы расійскі калабарант у Херсоне Кірыл Страмавусаў.
Далей Скабеева і госці перадачы накінуліся на Урсулу фон дэр Ляен за яе апошнюю прамову, у якой тая заявіла, што санкцыямі ЕС зруйнаваў расійскую эканоміку, а расійскім вайскоўцам даводзіцца браць мікрасхемы для крылатых ракет у пасудамыйных машынах.
— Яна павінна рыхтавацца да выпадзення з акна, — кажа прапагандыст Дзмітрый Ягорчанкаў.
Скабеева ж пасмяялася з таго, што фон дэр Ляен па першай прафесіі гінеколаг.
Госці перадачы абурыліся, што фон дэр Ляен спакойна ездзіць у Кіеў, Зяленскі едзіць у Ізюм, але ўсё гэта здараецца толькі таму, што Расія вельмі добрая.
«Логіка, якая пачынаецца цяпер з нанясеннем удараў па жыццёва важнай інфраструктуры (у тым ліку па дамбе Крывога Рога, — НН) — думаю, гэта правільная логіка. Немагчыма ўвесь час жыць у логіцы, калі мы пастаянна вельмі добранькія. Яны не разумеюць!» — дадае Ягорчанкаў.
Далей госці пераключыліся на дэфіцыт мікрачыпаў у Расіі, якія ёй так патрэбныя для вытворчасці крылатых ракет.
Каментатар Дзмітрый Абзалаў наракае: праз амерыканскія санкцыі на пастаўкі мікрачыпаў у Расію, нібыта, цярпяць у першую чаргу Паўднёвая Карэя, Японія і Тайвань, амерыканскія саюзнікі. Маўляў, гэтыя краіны не могуць прадаваць цяпер свае чыпы ў Расію і праз гэта іх чакае крызіс.
Прапагандыст цалкам ігнаруе той факт, што расійскі рынак быў далёка не галоўным для сусветных вытворцаў мікрачыпаў. Ды і ў свеце цяпер назіраецца дэфіцыт чыпаў — у тайваньцаў і карэйцаў праблем з попытам няма.
«Захад у асобе ЗША хоча аказаць уздзеянне на Расію і прымусіць яе адмовіцца ад суверэннай замежнай палітыкі, прадаваць бясплатна свае рэсурсы. Украіна ў гэтым выпадку ўсяго толькі інструмент уздзеяння Захаду на Расію», — кажа расійскі прапагандыст Старыкаў.
Вайну ва Украіне, вядома, развязала Амерыка, вывеўшы свае войскі з Афганістана, кажа Старыкаў.
Маўляў, дзве вайны Амерыка б не пацягнула, і калі б вайна пачалася і там, і там, то Расія пачала б узбройваць ісламістаў і талібаў, не прыхоўвае Старыкаў.
Далей госці пераключаюцца на Еўропу.
«Я, канечне, не эксперт у эканоміцы, але спецыялісты мне сказалі, што Германія перажывае дэіндустрыялізацыю», — сказаў сенатар ад Мурманскай вобласці Канстанцін Доглаў.
Насамрэч, Германія застаецца сусветным лідарам у прамысловасці, тады як прамысловасць Расіі застаецца адсталай, а аснову экспартных даходаў РФ па-ранейшаму складае сыравіна.
«Вечар з Уладзімірам Салаўёвым»
«Моц рускага духу і веліч рускага салдата павінны раз і назаўсёды растлумачыць Еўропе і ўсім, хто вагаецца ў тым, хто і як умее перамагаць. І не дазваляць усялякай нацысцкай свалаце хіхікаць і спрабаваць выціраць ногі аб нашых герояў», — пачаў сваю перадачу Салаўёў.
«Трэба ствараць міжнародную кааліцыю! Чаму мы ўвесь час адмаўляемся гэта рабіць? Ёсць жа Сірыя, ёсць нашы людзі ў Афрыцы, ёсць Венесуэла, Нікарагуа, ёсць Куба, ёсць Іран і Паўночная Карэя!» — абураецца прапагандыст.
Потым Салаўёў пачаў каментаваць зварот фон дэр Ляен.
«А чаму ты гаворыш па-англійску? Чаму Урсула гаворыць на мове краіны, якая выйшла з ЕС? Чаму яна гаворыць не на роднай нямецкай? Каб паказаць залежнасць ад свайго гаспадара?» — не сунімаецца Салаўёў, забыўшыся, што англійская мова з’яўляецца афіцыйнай у Ірландыі і на Мальце, а значыць, і ва ўсім ЕС.
«Урсула, кайн-кайн! Шпрэхен зі дойче! Ні ўніжай свой радной езыкен! Гаварі па-немецкі», — вішчыць Салаўёў, малпуючы нямецкі акцэнт і манеру вымаўлення Гітлера.
Салаўёў, як і Скабеева, пакпіў з першай прафесіі фон дэр Ляен:
— Урсула, я разумею, што вы гінеколаг. Заставаліся б у прафесіі, не ганьбіліся б.
Віталь Траццякоў, дэкан МДУ, абмяркоўваючы вайну ва Украіне, пайшоў яшчэ далей. Прафесар прапанаваў ва ўмовах вайны перафарматаваць адміністрацыйнае ўстройства Расіі, стварыўшы прыфрантавую акругу, а таксама абураецца, што насельніцтва на акупаваных тэрыторыях нелаяльнае да Расіі.
Таксама ён панаракаў, што Украіна б’е па расійскай тэрыторыі і тэрыторыях, занятых расійскай арміяй. Таму, падвёў Траццякоў, з украінцамі цырымоніцца не трэба.
«Можа быць, наша насельніцтва нам усё ж даражэйшае за ўкраінскае?» — пытаецца ён.
Таксама дэкан МДУ паскардзіўся, што сярод этнічных украінцаў, што жывуць у Расіі, вельмі шмат нелаяльных, намякаючы такім чынам на неабходнасць фільтрацыйных працэдур.
«Свет не ідэальны! Не трэба казаць, што мы будзем выконваць усе юрыдычныя нормы і правілы вядзення вайны! Адмоўцеся ад гэтых правіл!» — заклікае расійскі прафесар.
Салаўёў прапануе ўвагнаць Украіну ў каменны век.
«Каб яны баяліся, яны павінны пабачыць моц рускай зброі.
Вось Украіна збіраецца пастаўляць у Еўропу электраэнергію. Якую электраэнергію будзе пастаўляць Украіна? Цяпер самы час пазбавіць іх усялякай магчымасці. Увагнаць у каменны век», — спакойна кажа Салаўёў.
А што ўсё ж з адступленнем расійскай арміі?
Слова бярэ дэпутат Дзярждумы Андрэй Картаполаў: «На харкаўскім кірунку дзейнічала не ўкраінская армія, а натаўскія злучэнні і часткі. А наша армія — найлепшая ў свеце!
Гэтая армія працягвае перамагаць у спецыяльнай ваеннай аперацыі! Мы сутыкнуліся непасрэдна з натаўскай арміяй, зразумелі, што яна з сябе ўяўляе.
Ну і ўсё, рабяты, усё зараз пойдзе зусім па-іншаму! Вось удар па дамбе — гэта сіметрычны адказ», — кажа дэпутат.