Выкладчыца БарДУ палохае баранавіцкіх школьнікаў: аўтызм — гэта вынік беспарадачных палавых зносін бацькоў (і дзядоў!) ВІДЭА

Спецыялістка па праблемах развіцця дзяцей — прыхільніца антынавуковых тэорый, але яе запрашаюць у школы.

17.09.2022 / 20:58

Вольга Філістовіч мае адукацыю лагапеда і ў харавым і вакальным мастацтве, але чытае лекцыі па сэксуальным выхаванні

У актавай зале школы баранавіцкай школы №14 перад дзесяцікласнікамі выступае Вольга Філістовіч — лагапед і дэфектолаг. Але расказвае яна школьнікам пра каханне і сэкс.

На экране за яе спінаю з’яўляецца вялікае фота — злосныя дзеці з перакошанымі тварамі. 

«Вы бачыце агрэсіўных дзяцей? Вы ведаеце, што яны адказваюць за беспарадачныя палавыя зносіны? Аўтызм — гэта мутацыя, якая адбываецца падчас беспарадачных палавых зносін!» — расказвае дзесяцікласнікам Філістовіч. — Калі ў вас дзіця з аўтызмам, магчыма, у гэтым вінаваты ваш дзед альбо прадзед, які вёў беспарадачнае палавое жыццё.

Філістовіч пазіцыянуе сябе лагапедам і музычным тэрапеўтам. Акрамя таго, яна дырэктарка «Цэнтра прыкладнога аналізу паводзінаў», дзе займаюцца дзецьмі з праблемамі паводзінаў і развіцця. 

Філістовіч не толькі працуе з дзецьмі, а яшчэ і праводзіць навучальныя курсы. 

Вольга Філістовіч распаўсюджвае псеўданавуковую тэорыю, што дзеці атрымліваюць гены ўсіх мужчын, з якімі калі-небудзь быў сэксуальны кантакт у жанчыны. На гэта не ўплывае нават, ці была кантрацэпцыя! «Залатым стагоддзем Беларусі», на думку Філістовіч, было XVI стагоддзе — бо «хрысціянскія каштоўнасці былі фундаментам сям’і і жыцця, а не проста фармальнасцю».

Але, магчыма, Вольга проста настолькі адукаваны спецыяліст у біялогіі, што дзеліцца перадавымі даследаваннямі?

Зусім наадварот. У сваіх заявах яна спасылаецца, напрыклад, на Пятра Гараева, чые канцэпцыі пра «двухбаковы энергаінфармацыйны абмен партнёраў на хвалевым узроўні ДНК» прызнаныя антынавуковымі.

А сама Філістовіч атрымала вось такую адукацыю: «БДПУ ім. М. Танка, кафедра лагапедыі, Універсітэт культуры і мастацтваў, кафедра харавога і вакальнага мастацтва».

Яна гастралюе па ўсёй Беларусі: чытае лекцыі і семінары для работнікаў цэнтраў працы з аўтызмам, выступае ў дзяржаўных установах. Таксама чытае лекцыі ў Баранавіцкім універсітэце.

Што яна там расказвае — тое, што і піша ў сваім інстаграме? Тады гэта проста небяспечна для нашых дзяцей.

«Філістовіч [на відэа са школы] кажа проста неадэкватныя рэчы, — кажа «Нашай Ніве» дырэктарка аднаго з беларускіх інклюзіўных цэнтраў. Суразмоўца папрасіла не ўказваць яе імя. — Яна выказвае свае дадумкі, якія не маюць ніякага дачынення да навуковых падыходаў».

Аказваецца, Філістовіч даўно заўважылі людзі, якія працуюць з дзецьмі з аўтызмам. І здзівіліся, мякка кажучы.

«Яна нават у інстаграме выкладвае ролікі, дзе загадвае, напрыклад, маме не рэгаваць на крык дзіця. Ці ўтрымлівае дзіця на месцы сілай, выкарыстоўвае пакаранні. Але дзеці на занятках не павінны крычаць. І ўсе сучасныя методыкі прадугледжваюць мяккі падыход, супрацоўніцтва з дзіцём, пазітыўнае падмацаванне, а не негатыўнае.

Фактычна, усе методыкі карэкцыі паводзінаў дзяцей аўтарскія — але ёсць тыя, якія даўно правераныя, якімі карыстаюцца ва ўсім свеце. У такіх методыках ёсць пратакол, які гарантуе пэўны вынік, — тлумачыць суразмоўца. — І ніхто з практыкуючых спецыялістаў не падтрымае метады працы Філістовіч. Яна сама нешта выдумала і гэта выкарыстоўвае».

Запіс свайго выступу ў баранавіцкай школе Філістовіч выклала ў інстаграме. Атрымала такі шквал негатыву, што спачатку закрыла каментары, а пасля запісала ролік з тлумачэннем. Праўда, там яна паўтарыла свае перакананні:

«Прычыны аўтызму — іх шмат. У тым ліку сапраўды псіхафізічныя наступствы рознага роду дэструктыўных зносін. І я хацела падкрэсліць у сваім выступе гэта». Таксама яна паведаміла, што бацькі дзяцей з аўтызмам агрэсіўна адрэагавалі на яе выступ, бо «мамы не прымаюць сваіх праблемных дзяцей, у іх унутры гэтае пытанне не вырашанае». А сама Вольга, маўляў, проста згадала дзяцей з аўтызмам, каб даць урок моладзі.

Мама дзіцяці з аўтызмам растлумачыла «Нашай Ніве», чаму дзеянні і словы Філістовіч яе шакавалі: 

«Я як мама школьніка, якая шмат высілкаў аддала на інтэграцыю яго ў школу, на размовы і тлумачэнні, каб сына прынялі іншыя дзеці, бачу, што словы Філістовіч могуць гэта ўсё ўзяць і перакрэсліць. Калі чалавек вешае кляймо на дзяцей, школьнікі не будуць прымаць ані такое дзіця, ані яго бацькоў. Гэта мяне больш за ўсё шакавала. Мы з дзецьмі прайшлі ўсе магчымыя даследаванні: генетычныя, неўралагічныя, паўсюль. І ніхто нідзе нават не заікаўся, што гэта генетычная мутацыя.

Сёння аўтызм даследуецца, але даследаванні не пацвярджаюць высноў пра генетычныя мутацыі, ідуць спрэчкі ўвогуле ці гэта псіхіятрыя, ці неўралогія. І словы Філістовіч проста антынавука. Яна кажа пра нейкія даныя — няма такіх даных. І гэта транслюецца школьнікам! Я б марыла, каб перад тымі дзецьмі хтосьці выступіў з абвяржэннем, каб ім не забівалі галовы такім дзікунствам, каб яны не думалі пра нас як пра нейкіх заганных людзей.

Трансляваць такое дзецям — гэта жудасна, гэта няправільна. Такога чалавека ўвогуле нельга падпускаць да дзяцей!»

«Наша Ніва» звязалася з Вольгай Філістовіч. 

Філістовіч расказала, што ў школе яе запрасіў выступіць псіхолаг: маўляў, раней яна выступала ў ліцэі, дзе той псіхолаг працаваў, яму вельмі спадабалася. Цяпер ён перайшоў у школу №14 — і прыцягнуў туды Філістовіч.

«Наша Ніва» пацікавілася, ці правільна лякаць школьнікаў дзецьмі з аўтызмам.

«Я не палохала, а папярэджвала, што беспарадачныя палавыя зносіны, залежнасці ўплываюць на здароўе дзяцей, гарманальную сістэму падлеткаў, — адказала яна. — Я працую штодня з такімі дзецьмі і на прыкладзе гэтых дзяцей я магу сказаць да чаго прыводзяць гульні са здароўем, безадказнае стаўленне».

Ці яна не думае, што яе высновы антынавуковыя?

«Вы ведаеце, што сёння мікрапалярызацыя, шматлікія метады таксама шарлатанства, бо яны не навукова даказаныя. Але яны ўжываюцца да дзяцей з аўтызмам, эксперыменты ставяцца на дзецях з аўтызмам, разумееце? Гэта таксама шарлатанства, навукай не даказана. Але як методыка прымаецца, мае месца быць як падыход да карэкцыі, — адказала яна. — Чаму я не маю права падыходаў нейкіх прытрымлівацца, спасылацца на гэтыя даследаванні? Хто б іх не называў шарлатанствам, але гэта навуковыя даследаванні».

Філістовіч упэўненая, што палавыя зносіны ўплываюць на генетычны код.

«Гэта я буду сцвярджаць заўсёды, і ніхто гэта не назаве шарлатанствам, бо гэта жыццё!» — заявіла Філістовіч.

Адкуль Вольга так добра разбіраецца ў генетыцы? Дзе яна вывучала яе?

«Ведаеце, я запрашаю вас сустрэцца і пагаварыць, — адказала яна «Нашай Ніве». — Па тэлефоне зараз расказваць пра сваю адукацыю, свой шлях… Давайце афіцыйна сустрэнемся, вы афіцыйна спытаеце, я афіцыйна адкажу».

А пытанне пра кафедру харавых спеваў увогуле прывяло да сканчэння размовы.

«Давайце афіцыйны запыт, я вам буду афіцыйна адказваць. Бо вы шмат пытанняў задаеце, адбіраеце ў мяне масу асабістага часу», — сказала Вольга Філістовіч. 

Nashaniva.com