Чакаючы звароту Пуціна, расіяне гуглілі, як з'ехаць з Расіі

Перад чаканым зваротам Пуціна, які 20 верасня так і не адбыўся, расіяне сталі цікавіцца, як з'ехаць з краіны і як атрымаць адтэрміноўку ад войска. На гэта звярнуў увагу канал «Можем объяснить».

20.09.2022 / 23:09

20 верасня індэкс запытаў у Google па словазлучэнні «як з'ехаць з Расіі» дасягнуў максімуму.

Гэта адбылося на фоне здагадак аб будучай мабілізацыі ў РФ і падрыхтоўцы да незаконных «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Пік запытаў прыйшоўся на 18:00, вынікае з даных Google Trends.

Больш за ўсё пытанне эміграцыі цікавіла жыхароў Хабараўскага краю, які мяжуе з Кітаем.

Таксама на аўторак прыйшоўся ўсплёск запытаў расіян па тэме мабілізацыі. Але ён меншы, чым у маі (калі гэтая тэма актыўна абмяркоўвалася перад Днём Перамогі). Найбольш актыўна гэтай тэмай цікавяцца жыхары Белгародскай вобласці.

У гэты ж дзень расіяне сталі гугліць тэму адтэрміновак ад войска. Пік прыйшоўся на 13:00 — пасля першых паведамленняў аб магчымай мабілізацыі.

Nashaniva.com