Прызналі палітвязнямі журналістаў Івана Мураўёва і Яўгена Меркіса
Аб прызнанні двух журналістаў палітзняволенымі паведаміла «Вясна». Агульная колькасць прызнаных палітвязняў у Беларусі цяпер — 1343.
21.09.2022 / 17:44
Іван Мураўёў — журналіст, аператар і фатограф, якога раней ужо затрымлівалі ў жніўні 2020 года. Яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). На гэты момант Іван Мураўёў знаходзіцца ў СІЗА №1 г. Мінска.
Яўген Меркіс — журналіст, які асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасцю. Меркісу выставілі абвінавачанне паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).