«Расія выбрала свой шлях». Мядзведзеў пагражае Захаду гіпергукам
Мядзведзеў зрабіў чарговыя крыважэрныя заявы. Ён папярэдзіў, што гіпергук «здольны хутка дасягнуць цэляў у ЗША і Еўропе». На яго думку, да заяў Расіі варта прыслухацца ўсім жыхарам дзяржаў НАТА.
22.09.2022 / 13:22
Улады Расіі вырашылі акупаваць украінскі Данбас і іншыя тэрыторыі, новыя рэгіёны будуць «абароненыя» з дапамогай мабілізаваных, Расія можа выкарыстоўваць любую зброю «уключаючы стратэгічную», таму «не трэба палохаць» Маскву. Такую выснову з прамовы Пуціна зрабіў экс-прэзідэнт, намеснік старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.
«Заходняму істэблішменту, наогул усім грамадзянам натаўскіх краін трэба зразумець, што Расія выбрала свой шлях. Зваротнай дарогі няма», — падкрэсліў Мядзведзеў.
Разам з тым ён параіў «розным адстаўным ідыётам з генеральскімі лампасамі» не пагражаць ударам альянсу па Крыме, прыстрашыўшы, што гіпергук здольны дасягнуць цэляў у Еўропе і ЗША.
Нагадаем, Пуцін у сваім звароце да расіян абвінаваціў краіны Захаду ў «ядзерным шантажы», нагадаўшы, што расійскія вайскоўцы валодаюць аналагічным узбраеннем.
«Для абароны нашага народа мы выкарыстоўваем усе сродкі. Гэта не блеф. Нашы незалежнасць і свабода будуць забяспечаныя ўсімі сродкамі, што існуюць», — паабяцаў прэзідэнт Расіі.