Калі заўтра пачнецца ядзерная вайна, з якой імавернасцю вы выжывеце?

Раней ядзерная зброя ў вайне выкарыстоўвалася выключна амерыканцамі ў Японіі падчас Другой сусветнай вайны. Сёння ў свеце засталося каля 12700 боегаловак. Такім чынам, паўстае пытанне, што было б, калі б заўтра пачалася ядзерная вайна? Тлумачыць Science Alert.

27.09.2022 / 22:47

Пуск балістычнай ракеты. Фота Мінабароны Расіі via AP

Але не панікуйце — гэта толькі гіпатэтыка. Каманда AsapSCIENCE разбірае тэорыю аб ядзерных бомбах, каб прадказаць, наколькі імаверна, што вы выжывеце.

У відэа AsapSCIENCE разглядаецца бомба магутнасцю ў 1 мегатону, якая ў 80 разоў большая за бомбу, узарваную над Хірасімай, але значна меншая за многія сучасныя адзінкі ядзернай зброі.

Самай магутнай адзінкай ядзернай зброі за ўсю гісторыі з'яўляецца 50-мегатонная Цар-бомба, якая была скінутая на ізаляваны востраў у СССР і вылучыла энергію ў памеры прыкладна як 3333 бомбаў Хірасімы разам.

Размаўляючы пра наступствы, першым пунктам трэба адзначыць, што няма дакладнага спосабу ацаніць уздзеянне адной ядзернай бомбы, таму што гэта залежыць ад многіх фактараў, уключаючы надвор'е ў дзень яе скідання; час сутак, калі яна ўзарвалася; геаграфічнае размяшчэнне месца, куды яна пападае; а таксама — выбухае яна на зямлі ці ў паветры.

Але ў цэлым ёсць некаторыя прадказальныя этапы выбуху ядзернай бомбы, якія могуць паўплываць на імавернасць вашага выжывання.

Прыкладна 35 адсоткаў энергіі ядзернага выбуху вызваляецца ў выглядзе цеплавога выпраменьвання. Паколькі цеплавое выпраменьванне распаўсюджваецца прыблізна з хуткасцю святла, першае, што вас ударыць, — гэта ўспышка асляпляльнага святла і цяпла.

Самога святла дастаткова, каб выклікаць так званае асляпленне выбліскам — звычайна, часовую форму страты зроку, якая можа доўжыцца некалькі хвілін.

Пры выбуху бомбы магутнасцю ў мегатону ўдзень будуць аслепленыя людзі, якія знаходзяцца на адлегласці да 21 км ад эпіцэнтра, а ўначы будуць часова аслепленыя людзі ў радыусе да 85 км.

Ядзерны выбух спапяліць усё ў сваім эпіцэнтры. Лёгкія апёкі першай ступені будуць узнікаць на адлегласці да 11 км, а апёкі трэцяй ступені — такія, якія разбураюць тканкі скуры і ствараюць пухіры — будуць у любога чалавека, які знаходзіцца на адлегласці да 8 км ад эпіцэнтра. Апёкі трэцяй ступені, якія ахопліваюць больш за 24 адсоткі цела, могуць быць смяротнымі, калі людзям неадкладна не аказаць медыцынскую дапамогу.

Гэтыя адлегласці могуць быць трохі большымі або меншымі ў залежнасці не толькі ад надвор'я, але і ад таго, у што вы апранутыя — белая вопратка можа адбіваць частку энергіі выбуху, а больш цёмная — паглынаць яе.

Хаця гэта наўрад ці будзе мець вялікае значэнне для тых, каму не пашчасціла апынуцца блізка ад месца выбуху.

Тэмпература каля месца выбуху бомбы ў Хірасіме была ацэненая ў 300000 градусаў па Цэльсію — што прыкладна ў 300 разоў вышэй за тэмпературу крэмацыі. Таму людзі амаль імгненна былі расшчэпленыя да самых базавых элементаў, такіх, як вуглярод.

Але для тых, хто знаходзіцца крыху далей ад цэнтра выбуху, ёсць іншыя эфекты, якія варта ўлічваць, акрамя цяпла. Ядзерны выбух таксама гоніць паветра ад эпіцэнтра, ствараючы рэзкія змены паветранага ціску, якія могуць знішчаць прадметы і разбураць будынкі.

У радыусе 6 км ад выбуху 1-мегатоннай бомбы выбуховая хваля будзе мець уздзеянне ў 180 метрычных тон сілы на сцены ўсіх двухпавярховых будынкаў і ствараць хуткасць ветру 255 км/г. У радыусе 1 км пікавы ціск у чатыры разы большы, а хуткасць ветру можа дасягаць 756 км/г.

Фізічна людзі могуць вытрымаць такі ціск, але большасць людзей загінула б у выніку падзення будынкаў.

Калі вы нейкім чынам перажывяце гэта ўсё, вам яшчэ давядзецца мець справу з радыяцыйным атручэннем і ядзернымі ападкамі. 

Бягучыя наступствы для планеты былі б больш працяглымі, чым можна было чакаць. Напрыклад, ядзерная вайна паміж ЗША і Расіяй, згодна з мадэляваннем сітуацыі, апублікаваным у 2019 годзе, цягам некалькіх дзён адправіла б Зямлю ў ядзерную зіму з-за ўзроўню дыму і сажы, выкінутых у атмасферу.

Мы таксама ведаем, што радыеактыўныя часцінкі могуць падарожнічаць надзвычай далёка. Нядаўняе даследаванне паказала, што рэшткі радыеактыўнага вугляроду ад выпрабаванняў ядзернай бомбы часоў Халоднай вайны былі знойдзеныя ажно ў Марыянскім жолабе, самым глыбокім месцы Сусветнага акіяна.

Зноў жа, усё гэта гіпатэтычна, і мы спадзяемся, што вам ніколі не спатрэбіцца карыстацца гэтай інфармацыяй на практыцы.

РУ