У Мінску ўсталёўваюць незвычайную скульптуру
У сталіцы з’явіцца незвычайная скульптура, якая сімвалізуе клопат аб прыродзе. Яе ўсталёўваюць побач з новым бізнэс-цэнтрам на вуліцы Даўгабродскай, 16, пішуць «Мінск-Навіны».
29.09.2022 / 15:54
Скульптура ў форме рукі пакуль гатовая не цалкам: зусім хутка яна будзе клапатліва трымаць дрэва. Зробленая інсталяцыя па замове ўладальніка сеткі ювелірных крам Аляксея Карагіна. Працу выканала каманда з трох чалавек пад кіраўніцтвам уладальніка адной з мінскіх майстэрняў Андрэя Новіка.
Для стварэння твора вышынёй у 1,5 м выкарыстоўвалі пенапласт, які пакрывае 5-міліметровы пласт шклапластыку. За трываласць матэрыялу адказвае шчыльнае шкловалакно, за фактуру каменя — напаўняльнік з мармуровай крошкі, а злучальным звяном выступіла не меней трывалая поліэфірная смала з загушчальнікам.
— Падчас работ мы замовілі выразкі пальцаў з высокапорыстага і шчыльнага пенапласту, — распавядае Новік. — На заводзе рэзка даступная толькі ў двух плоскасцях, таму загатоўкі прыйшлося абточваць, скругляць і выразаць форму, ствараць контур куцікулы і пазногцяў. Тачыць пенапласт — праца не з лёгкіх, вельмі шмат пылу і смецця.
Аснова скульптуры ў некалькі пластоў насычаная спецыяльным саставам і праклееная скотчам, каб смала не раз’ела матэрыял. Каб пальцы трывала сядзелі ў бетоне, ім патрэбны каркас — яго зварылі з арматуры.
— Скульптура для горада павінна вытрымліваць усе ўмовы надвор’я, — кажа Андрэй Новік. — Фарба не падыходзіла, таму ў якасці пакрыцця была выкарыстаная смала, але ўжо калераваная ў белы колер. Яе лёгка мыць. Усяго пайшло 100 кг ліпкай масы, на мантажныя работы ў каманды пайшло 2 дні.
Дарэчы, ідэя не новая — падобная скульптура з бетону пад назвай The Caring Hand («Клапатлівая рука») усталяваная ў 2004 годзе на ўсходзе Швейцарыі ў горадзе Гларус.