У Курапатах прайшло традыцыйнае памінанне ахвяр сталінскіх рэпрэсій

30.09.2009 / 09:15

29 верасня ва ўрочышчы Курапаты, што на паўночна‑ўсходняй ускраіне Мінска, адбылося памінанне ахвяр сталінізму 1939 года.

Прыкладна 20 удзельнікаў мемарыяльнай акцыі з бел‑чырвона‑белым сцягам усклалі да памятнага знака пакутнікам Беларусі кветкі і паставілі свечкі.

Як адзначыў у сваім выступленні лідэр каардынацыйнага савета прадпрымальнікаў Мінска Аляксандр Макаеў, акцыя з’яўляецца традыцыйнай і праходзіць 29‑га дня штомесяц.

«Мы чарговы раз аддаем даніну павагі нашым продкам — грамадзянам нашай краіны, якія былі бязвінна расстраляныя на гэтым месцы, — адзначыў ён. — Праўда аб Курапатах не вельмі падабаецца сённяшнім уладам. Аднак я ўпэўнены, што Курапаты цяпер ператвараюцца ў народны мемарыял і ў свой час зоймуць годнае месца сярод іншых помнікаў нашай гісторыі».

Адзін з лідэраў міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Мікалай Дземідзенка сказаў, што Курапаты ўжо сталі «сакральным месцам». «Мы павінны паважаць як свае святы, так і памятаць пра свае трагедыі», — адзначыў Дземідзенка. Ён нагадаў прысутным, што прыкладна праз месяц будзе адзначацца Дзень памінання продкаў (Дзяды), і заклікаў усіх 29 кастрычніка прыйсці ў Курапаты з сябрамі, знаёмымі, блізкімі і ўзяць удзел у добраўпарадкаванні ўрочышча.

Лідэр аргкамітэта па стварэнні руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык у сваім выступленні правёў паралель паміж падзеямі верасня 1939 года і верасня 2009‑га. «Як і ў 39‑м годзе, калі адбыўся сумесны парад германскіх і савецкіх войскаў, на тэрыторыі Беларусі сёння праходзяць сумесныя расійска‑беларускія манеўры. Сюды прыляцеў расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў. Гэты факт выклікае вялікую занепакоенасць, бо сведчыць пра тое, што розныя імперскія сілы дагэтуль разглядаюць Беларусь у якасці разменнай манеты, а беларускія грамадзяне будуць гінуць за чужыя інтарэсы», — адзначыў ён.

Сіўчык паведаміў, што 29 кастрычніка плануецца правесці ў Курапатах хрэсны ход ад памятнага знака да Крыжа пакут, які ўстаноўлены ў нізіне ўрочышча. Ён таксама заклікаў усіх узяць удзел у гэтай цырымоніі.

За мерапрыемствам назіралі пяць супрацоўнікаў міліцыі ў форме і асоба ў цывільным, аднак яны не ўмешваліся ў яго правядзенне. Цырымонія прайшла без інцыдэнтаў.

Сяргей Пульша, БелаПАН