Заходні эксперт назваў месца ва Украіне, па якім Расія можа нанесці ядзерны ўдар

На думку эксперта па пытаннях бяспекі Каралеўскага каледжа Лондана доктара Рода Торнтана, Пуцін наўрад ці аддасць загад нанесці першы ядзерны ўдар па буйным горадзе ва Украіне. Хутчэй за ўсё, ён паспрабуе пазбегнуць ахвяр, каб яго ўчынак меў «сімвалічны» характар, каментуе Торнтан гэтую праблему для часопіса Forbes.

30.09.2022 / 17:10

Востраў Змяіны. Фота: Maxar Technologies

Уладзімір Пуцін пастаянна пагражае, што будзе абараняць расійскую тэрыторыю ўсімі даступнымі сродкамі, уключаючы ядзерную зброю. Гэта прывяло да беспрэцэдэнтнай эскалацыі, якая пасеяла страх перад пачаткам ядзернай вайны па ўсім свеце.

Прадказаць дакладныя дэталі патэнцыйнага ядзернага ўдару Расіі па Украіне цяжка. Але эксперты сказалі Forbes, што Масква, хутчэй за ўсё, прыменіць тактычную ядзерную зброю супраць войскаў або для знішчэння лагістычнага вузла. Выданне тлумачыць, што такі тып зброі — гэта меншыя боегалоўкі, чым ядзерная зброя стратэгічнага класу, здольная знішчаць цэлыя гарады.

Самая вялікая тактычная боегалоўка мае магутнасць 100 кілатон (1 кілатона роўная тысячы тон трацілу). Магутнасць бомбы, якую ЗША скінулі на Хірасіму, складала 15 кілатон, — растлумачыў эксперт па пытаннях бяспекі Каралеўскага каледжа Лондана доктар Род Торнтан.

Ён падкрэсліў, што тактычная ядзерная зброя ўсё адно знішчальная, хоць і слабейшая, чым стратэгічная.

На думку эксперта, Пуцін наўрад ці аддасць загад нанесці першы ядзерны ўдар па буйным горадзе ва Украіне. Хутчэй за ўсё, ён паспрабуе пазбегнуць ахвяр, каб яго ўчынак меў «сімвалічны» характар. Так Масква зможа паказаць, што яе намеры сур'ёзныя.

Торнтан сказаў, што прадказаць першую цэль цяжка. Аднак, на яго думку, ёю можа стаць востраў Змяіны ў Чорным моры, які быў акупаваны сіламі Расіі на пачатку вайны, а затым вызвалены ўкраінскімі войскамі. Востраў стаў сімвалам украінскага супраціву.

Наступствы ад ядзернага ўдару будуць моцна залежаць ад таго, які менавіта тып зброі будзе ўжыты і ў якіх умовах. Але выбух бомбы нават малой магутнасці можа мець вельмі цяжкія наступствы. Радыяцыя можа негатыўна адбіцца на здароўі тых, хто перажыве выбух. Радыеактыўныя матэрыялы могуць заразіць прыроднае асяроддзе, а таксама разляцецца па ўсёй Еўропе і Азіі.

Торнтан падкрэслівае, што ядзерны ўдар — вельмі дрэнны спосаб для Расіі, каб заявіць пра сябе, бо радыяцыя можа заразіць і расійскую тэрыторыю. Акрамя таго, краіны ўсяго свету могуць аб'яднацца супраць Масквы.

Таму, на думку эксперта, калі Крэмль наважыцца на ядзерны ўдар, то, хутчэй за ўсё, будзе падбіраць такі тып зброі, каб радыеактыўнае заражэнне было мінімальным.

«На многіх франтах Пуцін пад ціскам. Чым у большай роспачы ён будзе, чым больш яго будуць адштурхоўваць назад, тым больш верагодна, што ядзерная зброя будзе скарыстаная», — сказаў Торнтан.

Але ядзерны ўдар можа стварыць новыя праблемы для Пуціна нават дома. Можа ўспыхнуць супраціўленне вайскоўцаў або ключавых дзеячаў, якія не захочуць пагаршаць сітуацыю. Таксама такі расійскі ўчынак можа падштурхнуць НАТА да прамой падтрымкі Украіны.

Эксперт заўважыў, што расійская ядзерная атака наўрад ці стане сюрпрызам для Захаду.

Чытайце таксама:

«Калі ад ядзернага выбуху, напэўна, бярыце 200». У Мінску расце попыт на прэпараты ёду

У выпадку абмежаванай ядзернай вайны па якіх аб’ектах у Беларусі і суседніх краінах могуць біць?

«Калі расіяне ўжывуць стратэгічную ядзерную зброю, ад Расіі нічога не застанецца». Амерыканскі аналітык апісвае сцэнарыі развіцця падзей, Лукашэнку ён лічыць закладнікам, а не марыянеткай

Калі заўтра пачнецца ядзерная вайна, з якой імавернасцю вы выжывеце?

WSJ: Пагрозы Пуціна ядзернай зброяй працуюць, а вось само яе выкарыстанне напэўна не спрацуе

Nashaniva.com