Беларускія навукоўцы распрацавалі новы метад дыягностыкі раку па крыві

У цэнтры імуналогіі і алергалогіі Інстытута біяфізікі і клеткавай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук распрацавалі новы метад дыягностыкі раку. Пра гэта паведамляе «Беларусь сегодня».

02.10.2022 / 19:21

Метад дазваляе вызначаць пухлінныя клеткі, якія мігруюць з крывацёкам і ў здаровага чалавека адсутнічаюць. Па словах навукоўцаў, ён больш за ўсё падыходзіць для прагназавання хваробы, а таксама кантролю эфектыўнасці лячэння.

Ужо каля 500 жыхароў краіны выпрабавалі гэтую методыку, расказаў дырэктар Інстытута біяфізікі і клеткавай інжынерыі НАН Андрэй Ганчароў:

«Гэтая методыка не для навуковых, а для абсалютна практычных мэтаў. Напрыклад, пралячыўся чалавек, праз некаторы час у яго ўбачылі наяўнасць цыркулюючых пухлінных клетак і вынеслі вердыкт: ці ёсць верагоднасць прагрэсавання анкахваробы ў найбліжэйшы час».

Паводле слоў спецыяліста, інфармацыя, атрыманая такім метадам, павінна дапамагчы пры вызначэнні далейшай тактыкі лячэння. Праўда, ёсць нюансы.

«Калі пухлінныя клеткі ў крыві выявілі, то пацыент адназначна хворы. Але бывае, што ў арганізме, да прыкладу, шмат мікрапухлін па 2 мм і яны не выдзяляюць пакуль дастатковай колькасці пухлінных клетак», — растлумачыў Ганчароў.

Менавіта таму пакуль гэты метад не будуць выкарыстоўваць для масавага скрынінгу — «ёсць вялікая рызыка прапусціць хваробу». «Затое для кантролю эфектыўнасці лячэння метад ідэальны, — рэзюмаваў Ганчароў.

Цяпер экспертызу праходзіць яшчэ адзін праект Інстытута, сутнасць якога — пошук у крыві мікраРНК. Гэтыя малекулы паказваюць на наяўнасць пухлін у арганізме, і для кожнага тыпу наватвору яны спецыфічныя.

Дыягностыка па гэтым метадзе найлепш падыдзе для прагназавання зыходу захворвання і кантролю эфектыўнасці лячэння. Таксама гэта дадатковы метад скрынінгу для вызначэння пухліны.

Nashaniva.com