Вайсковы эксперт патлумачыў, чаму зацягваецца вызваленне Херсоншчыны

Вызваленне ўкраінскімі войскамі правабярэжнай часткі Херсонскай вобласці ад расійскіх акупантаў зацягваецца, бо яны не могуць патапіць усе варожыя паромы.

03.10.2022 / 11:20

Абаронцы Украіны не могуць патапіць усе паромныя пераправы, паколькі на іх сапернік разам з ваеннай тэхнікай ставіць грамадзянскія машыны і перавозіць мірных людзей у якасці пасажыраў, распавёў ваенны эксперт, палкоўнік запасу Алег Жданаў.

«Мы не можам патапіць усе паромы менавіта таму, што гэтымі паромамі карыстаюцца мясцовыя жыхары…», — адзначыў ён.

Эксперт падкрэсліў, што на правабярэжжы баяздольнасць войскаў саперніка зніжаецца паступова.

«За кошт таго, што колькасць спажываных матэрыяльных рэсурсаў гэтай групоўкі нашмат большая, чым тыя рэсурсы, якія расійскае камандаванне ў стане сёння перапраўляць праз Дняпро, па гэтай прычыне адбываецца паступовае зніжэнне баяздольнасці расійскіх войскаў на правым беразе Дняпра. За кошт інтэнсіўнасці нашага вядзення агню», — дадаў палкоўнік.

Жданаў падкрэсліў, што, на вялікі жаль, працэс вызвалення правабярэжнай часткі Херсонскай вобласці зацягваецца.

Nashaniva.com