Міжнародная асацыяцыя бокса зняла абмежаванні для беларусаў і расіян
Міжнародная асацыяцыя боксу (IBA) вырашыла адмяніць рашэнне аб нядопуску спартсменаў з Беларусі і Расіі да спаборніцтваў, паведамляецца на сайце арганізацыі.
05.10.2022 / 16:46
«IBA цвёрда перакананая, што палітыка не павінна мець ніякага ўплыву на спорт. Такім чынам, усім спартсменам павінны быць дадзеныя роўныя ўмовы», — заявілі ў асацыяцыі.
Таксама там адзначылі, што асацыяцыя павінна заставацца незалежнай і «палітычна нейтральнай», а таксама выступаць міратворцам у любых канфліктах.
«Акрамя таго, IBA абавязаная забяспечыць роўнае стаўленне да спартсменаў і афіцыйных асоб спаборніцтваў, незалежна ад іх нацыянальнасці і месца жыхарства», — падкрэслілі ў заяве.
Пры гэтым баксёры з Беларусі і Расіі змогуць выступаць пад сваімі нацыянальнымі сцягамі. А калі яны даб'юцца перамогі, то пачуюць гімн сваёй краіны.
Рашэнне асацыяцыі распаўсюджваецца і на тэхнічных прадстаўнікоў Беларусі і РФ. Забарона на ўдзел у спаборніцтвах для іх здымаецца адразу пасля абвяшчэння рашэння.
Беларускіх і расійскіх баксёраў адхілілі ад міжнародных спаборніцтваў пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны, падчас якой расійскія войскі выкарыстоўвалі тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну.
У канцы верасня пасаду прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі боксу (IBA) зноў заняў расіянін Умар Крамлёў. IBA адказвае за аматарскі бокс, да якога адносяцца чэмпіянаты свету і кантынентаў, а таксама Алімпійскія гульні.
У верасні асацыяцыя таксама прыпыніла сяброўства Федэрацыі боксу Украіны. Афіцыйнай прычынай назвалі ўмяшанне Украіны ў справы асацыяцыі і непрызнанне Кіевам выбараў Крамлёва.