Узялі ў палон першага беларуса, які ваяваў на баку Расіі. Паваяваў ён менш за два месяцы

Максіма Зязюльчыка ўзялі ў палон падчас украінскага контрнаступу на Данбасе.

06.10.2022 / 15:48

Фота: сацсеткі

Па звестках украінскіх вайскоўцаў, хлопец пайшоў ваяваць добраахвотна ў складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут». Гэтая прыватная кампанія раней займалася аховай вайсковай інфраструктуры і іншых аб'ектаў Расіі за мяжой, але з 2021 года «перапрафілявалася» на ўкраінскі кірунак. 

Фота са старонкі хлопца, датаванае 21 мая 2021 года.

Максіму Зязюльчыку 22 гады. Хлопец быў аматарам спорту і качаўся. Ён паспеў адвучыцца ў агратэхнічным каледжы ў Мар'інай Горцы, а пасля адслужыць у войску. Служыў ён у адной з частак сілаў спецыяльных аперацый (магчыма, нават у самой Мар'інай Горцы).

Хлопец паспеў паваяваць няшмат — з 21 ліпеня, калі ён прыбыў у Ізюм Харкаўскай вобласці і атрымаў зброю на пасадзе кулямётчыка, да 19 верасня, калі яго ўзялі ў палон недалёка ад Сватава Луганскай вобласці. Ён атрымаў раненне і цяпер знаходзіцца на лячэнні ў палоне. 

Ці ваяваў ён некалі да гэтага — не паведамляецца.

Па паведамленні Генпракуратуры Украіны, яму пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у ваенных дзеяннях у якасці найміта.

Nashaniva.com