«Беларускія арганізацыі так і не змаглі арганізаваць супраціў вайне». Падаляк абурыўся сёлетнім «Нобелем» — Кавалеўскі яму адказаў
Нобелеўскую прэмію міру сёлета падзялілі беларускія, расійскія і ўкраінскія праваабаронцы. Беларускім лаўрэатам стаў кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі. Ва Украіне некаторыя рэзка адрэагавалі на такі крок. У тым ліку і дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
07.10.2022 / 16:22
Фота: УНІАН, «Наша Ніва»
«У Нобелеўскага камітэта адназначна цікавае разуменне слова «мір», калі прэмію разам атрымліваюць прадстаўнікі дзвюх краін, якія напалі на трэцюю. Ні расійскія, ні беларускія арганізацыі так і не змаглі арганізаваць супраціў гэтай вайне. «Нобель» у гэтым годзе проста «супер», — напісаў у твітары Падаляк.
На яго допіс адрэагаваў Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік Аб'яднага пераходнага кабінета па міжнародных справах.
«Праваабарончыя арганізацыі змагаюцца за правы і свабоды людзей. Палітычныя структуры і ўзброеныя сілы арганізуюць абарону. Давайце гэта праяснім.
І заўсёды памятайце, што беларусы, у якіх скрадзеныя правы, цалкам падтрымліваюць Украіну, у тым ліку і на полі бою», — адказаў ён Падаляку ў твітары.