Калі заўтра ядзерны ўдар. Пяць сцэнарыяў прымянення Пуціным зброі масавага знішчэння, наступствы і варыянты адказу НАТА
Заўтра Пуцін збірае Савет бяспекі, дзе будзе абмяркоўваць, чым адказаць на разбурэнне Крымскага моста і як спыніць контрнаступ УСУ. Прапагандысты прама заклікаюць націснуць на ядзерную кнопку. Аналітыкі ў заходняй прэсе распісалі пяць галоўных сцэнарыяў магчымага развіцця падзей і магчымую рэакцыю Захаду на такія дзеянні. Канал «Можем объяснить» абагульніў іх прагнозы.
09.10.2022 / 20:29
Фота: АР
Дэманстрацыйны ўдар
РФ можа правесці падземныя (або падводныя) выпрабаванні на сваёй тэрыторыі або падарваць бомбу над тэрыторыяй Украіны на дастатковай вышыні, каб не было ахвяр.
Наступствы: магчымае забруджванне глебы / вады / паветра, у тым ліку некантралюемы рух радыеактыўных часціц над тэрыторыяй Еўропы.
Рэакцыя Захаду: калі наступствы выйдуць за міжнародна прызнаныя межы РФ — удар ракетай па дывізіі або ваеннай базе УС РФ, адкуль запушчаная ракета, з надзеяй, што гэта прадухіліць далейшае выкарыстанне ядзернай кнопкі.
Тактычнае прымяненне на полі бою
УС РФ могуць ударыць невялікай ядзернай бомбай па ўкраінскім вайсковым або інфраструктурным абʼекце.
Наступствы: усё залежыць ад магутнасці ядзернай боегалоўкі, але чакаецца, што забруджанай будзе параўнальна невялікая тэрыторыя.
Рэакцыя Захаду: знішчэнне ракетай аднаго або некалькіх важных для УС РФ аб'ектаў: порта, аэрадрома, мабільных адзінак пускавой тэхнікі.
Удар па невялікім украінскім населеным пункце
Наступствы: крытычная колькасць смерцяў з-за вялікай канцэнтрацыі жыхароў, забруджванне тэрыторыі на многія гады.
Рэакцыя Захаду: верагоднае прамое ўступленне войскаў НАТА ў вайну ва Украіне, аб'яднанне аперацый і камандавання з УСУ.
Удар па тэрыторыі НАТА
Магчымы ўдар ракетай малой магутнасці па складзе або аэрапорце на тэрыторыі Польшчы, праз якую ідзе вайсковая тэхніка для УСУ.
Наступствы: цяжка прагназаванае забруджванне навакольнага асяроддзя ў Еўропе.
Рэакцыя Захаду: залежыць ад радыяцыйнага забруджвання. Пры дакладным пападанні з вельмі нізкім радыяцыйным фонам адказам будзе люстраны ўдар па расійскім аб'екце.
Але ў выпадку радыяцыйнага забруджвання — уступленне ўсяго кантынгенту НАТА (згодна з 5-м артыкулам Статута) у прамую вайну супраць Расіі — г. зн. актывацыя ўсіх франтоў, калі ўкраінскі адыдзе на трэці план.
Такім жа будзе і адказ у выпадку ўдару па Кіеве ці буйным горадзе Украіны, прагназуюць аналітыкі — чацвёрты і пяты сцэнарый яны называюць «суіцыдальнымі» для Расіі.