Беларускія чыгуначнікі пацвердзілі: танкі ў Оршы — беларускі стратэгічны рэзерв, які перакідваюць у Расію
Учора з’явілася паведамленне, што на станцыі «Орша» быў заўважаны эшалон з танкамі, які накіроўваўся ў бок РФ. На відэа былі бачныя не менш за 12 танкаў Т-72А. «Беларускі Гаюн» выказаў меркаванне, што такім чыным Лукашэнка пачаў перадачу Расіі цяжкай бранятэхнікі, знятай з захоўвання. Сёння чыгуначнікі пацвердзілі гэтую версію. Паводле апублікаванага графіка руху гэтага эшалона, танкі едуць на Данбас.
10.10.2022 / 14:34
Сёння @belzhd_live апублікаваў храналогію руху эшалона, які быў зняты ў Оршы.
Пацверджана, што 1 кастрычніка 2022 года група з 72-х пустых платформаў прыбыла з чыгуначнай станцыі «Готня» (Белгарадская вобласць, РФ) на станцыю «Урэчча» (Любанскі р-н, Мінскай вобл., РБ).
Менавіта ў мястэчку Урэчча знаходзіцца 969-я база рэзерву танкаў. Там былі знятыя з захоўвання і пагружаныя на платформы танкі Т-72А.
Учора, 9 кастрычніка, першая група танкаў Т-72А ў колькасці 20 адзінак адправілася на станцыю Успенская (Растоўская вобласць, РФ), гэта прыфрантавая зона.
Далей — у кірунку Данецка (разліковая дата прыбыцця — 19 кастрычніка 2022 года).
Карта: Hajun_BY / Telegram
Канал @belzhd_live таксама прыводзіць маршрут гэтага эшалона на ЖД-станцыю «Успенская»: Урэчча (БЧ) — Асіповічы-1 (БЧ) — Магілёў-1 (БЧ) — Орша-Цэнтральная (БЧ) — Асінаўка (БЧ) — Краснае (Расчыгунка) — Валуціна (Расчыгунка) — Бранск-Льгоўскі (Расчыгунка) — Льгоў-Кіеўскі (Расчыгунка) — Атрожка (Расчыгунка) — Новачаркаск (Расчыгунка) — Успенская (Расчыгунка). Працягласць маршруту — 2001 км.