Затрымалі блогера — вінавацяць у тым, што «кпіў з расійскіх сілавікоў»

Пасля жніўня 2020 года хлопец пачаў весці ўласны блог Укантакце. Цяпер у яго амаль 6,5 тысячы падпісантаў, а кожны допіс набірае па некалькі тысяч праглядаў.

11.10.2022 / 17:15

Хлопца клічуць Максім (прозвішча невядомае), ён родам з ваколіцаў Мар'інай Горкі. У 2019 годзе паступіў на гістфак Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, але быў адлічаны з трэцяга курса (не па палітычных матывах).

Максім у сацсетках асуджаў вайну. Ён публікаваў здымкі разбураных украінскіх гарадоў і параўноўваў расійскія ўлады з нацысцкімі. 1 красавіка яго старонку ва ўкантакце забаранілі на тэрыторыі Расіі.

Нядаўна яго затрымалі. ГУБАЗіКаўцы сцвярджаюць, што ён «радаваўся смерцям расійскіх вайскоўцаў» і «абразіў Лукашэнку». Таксама Максім, як заяўляюць сілавікі, быццам бы хацеў паехаць ваяваць ва Украіну і звяртаўся ў бот Палка Каліноўскага з гэтай нагоды.

Вельмі часта ў такіх выпадках абвінавачванні надуманыя.

У канале сілавікоў паведамляецца, што супраць хлопца заведзеная крымінальная справа.

Nashaniva.com