Ілан Маск перад тым, як рабіць скандальныя заявы на палітычныя тэмы, мог размаўляць з Пуціным
Пра гэта паведаміў амерыканскі палітолаг Ян Брэмер, які спаслаўся на сваю размову з бізнэсменам. Брэмер прывёў змест размовы з Маскам у рассылцы, накіраванай падпісчыкам сваёй кансалтынгавай кампаніі Eurasia Group, піша Vice.
11.10.2022 / 19:57
Ілан Маск нібыта сказаў Брэмеру, што Пуцін «гатовы да перамоваў», але толькі ў тым выпадку, калі Крым застанецца расійскім, Украіна будзе нейтральнай і прызнае анексію «ДНР», «ЛНР», Херсонскай і Запарожскай абласцей.
Па словах Брэмера, Маск сцвярджае, што Пуцін сказаў яму, што гэтыя мэты будуць дасягнутыя, «нягледзячы ні на што». Ён таксама згадаў пра магчымы ядзерны ўдар у выпадку ўварвання Украіны ў анексаваны Крым. І Маск сказаў Брэмеру, што «трэба зрабіць усё, каб пазбегнуць такога».
Сам Маск гэтую інфармацыю аспрэчыў: «Гэта няпраўда. Я размаўляў з Пуціным толькі адзін раз каля 18 месяцаў таму. Гаворка ішла пра космас», — адказаў Маск на пытанне адносна размовы з прэзідэнтам Расіі.
Нагадаем, што 3 кастрычніка мультымільярдэр Ілан Маск, які дагэтуль падтрымліваў у вайне ўкраінскі бок, раптам выказаўся пра тое, якія, на яго думку, могуць быць умовы міру паміж Масквой і Кіевам. Паводле яго, гэта магчыма тады, калі будуць праведзеныя новыя выбары ў анексаваных рэгіёнах пад наглядам ААН, Крым застанецца часткай Расіі, будзе гарантаванае яго водазабеспячэнне, а Украіна застанецца нейтральнай.
Гэтыя прапановы выклікалі абурэнне ў многіх карыстальнікаў, у тым ліку і ў афіцыйнага кіраўніцтва Украіны.