«Бацька наш Бандэра». Украінцы памянялі стаўленне да АУН-УПА — сацапытанне
Станоўчае стаўленне украінцаў да дзейнасці АУН-УПА пачынаючы з 2013 года вырасла з 22% — да 43%, сведчаць вынікі апытання Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, паведамляе «Украінская праўда».
12.10.2022 / 13:35
У той жа час за гэты перыяд больш чым у 5 разоў зменшылася колькасць тых, хто негатыўна ацэньвае дзейнасць АУН-УПА — з 42% да 8%.
Таксама з 27% да 37% павялічылася колькасць тых, хто абраў варыянт «цяжка сказаць дакладна, негатыўна ці пазітыўна».
У 2013 годзе ва ўсіх рэгіёнах, акрамя заходніх, было больш тых, хто негатыўна ацэньваў дзейнасць АУН-УПА. У 2022 годзе доля тых, хто ацэньвае яе станоўча, пераважае долю тых, хто ацэньвае негатыўна.
У той жа час захоўваецца тэндэнцыя, што чым далей на захад, тым больш выразныя станоўчыя ацэнкі. Так, у заходніх рэгіёнах 57% ацэньваюць станоўча супраць 4%, якія ацэньваюць негатыўна.
У цэнтры суадносіны ўжо 43% супраць 6%, на поўдні — 37% супраць 11%, на ўсходзе — 27% супраць 16%. На поўдні і ўсходзе большасць фактычна альбо выбіралі варыянт «цяжка сказаць дакладна, станоўча ці адмоўна» або (радзей) «не ведаю».
Падобныя змены і ў разрэзе ўзросту. Ва ўсіх узроставых катэгорыях прасочваецца паляпшэнне стаўлення да АУН-УПА і цяпер сярод усіх узроставых катэгорый доля тых, хто станоўча ацэньвае, перавышае долю тых, хто ацэньвае негатыўна.