Лукашэнка: У Расіі няма неабходнасці прымяняць ядзерную зброю ва Украіне
14.10.2022 / 13:43
Аляксандр Лукашэнка падчас саміту СНД у Астане даў 20-хвіліннае інтэрв'ю амерыканскай тэлекампаніі NBC. Ён, у прыватнасці, заявіў, што Пуцін ніколі не ставіў перад сабой мэту прымяніць ядзерную зброю ва Украіне, паведамляе ria.ru.
«Самае галоўнае, свайго суразмоўцу і нават саперніка не заганяйце ў кут. Таму не трэба пераходзіць тыя лініі, як расіяне кажуць, чырвоныя лініі. Нельга іх пераходзіць», — сказаў Лукашэнка.
На яго думку, любая зброя для чагосьці ствараецца. «Ёсць зброя — ясна, што яна ствараецца для прымянення. Расія выразна абазначыла сваю пазіцыю: не дай бог будзе напад на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, у гэтым выпадку Расія можа пры неабходнасці выкарыстоўваць усе віды зброі», — мяркуе Лукашэнка.
«Што тычыцца падтэксту вашага пытання, ніколі, у тым ліку і прэзідэнт Пуцін, кіраўніцтва Расіі не ставіла перад сабой мэту прымяніць ядзерную зброю ва Украіне. Такой неабходнасці няма», — дадаў Лукашэнка.