Wargaming прадаў даччыную кампанію, з якой выходзіў на сусветны рынак
Амерыканская Riot Development Studios, якая з'яўляецца часткай кітайскага геймдэўгіганта Tencent, завяршыла здзелку па набыцці кампаніі Wargaming Sydney. Wargaming, такім чынам, прадаў даччыную кампанію, з якой некалі пачынаў экспансію на сусветным рынку гульняў, піша Office Life.
18.10.2022 / 19:53
Як паведамляецца, кампанія будзе пераназваная ў Riot Sydney і стане ключавым цэнтрам распрацоўкі амерыканскай кампаніі, вядомай па такіх гульнях, як League Of Legends і Valorant.
Каманда распрацоўшчыкаў пяройдзе ў Riot Sydney, а выдавецкае падраздзяленне застанецца ў штаце Wargaming. Таксама Wargaming захавае правы на тэхналогіі і гульнявую платформу, на якой функцыянуюць яе гульні.
Wargaming Sydney, якая раней называлася BigWorld, стала першым аб'ектам міжнароднай экспансіі распрацоўшчыка і выдаўца World Of Tanks, World of Warships і World of Warplanes. У 2012 годзе яна была набытая ў заснавальнікаў аўстралійскай студыі за 45 млн даляраў. Гэтая купля да сённяшняга часу ўваходзіць у лік топ-50 M&A-здзелак з удзелам беларускага бізнэсу.
Сума, за якую Віктар Кіслы і яго партнёры прадалі Wargaming Sydney, не раскрываецца.