Прадстаўнікі Палка Каліноўскага правялі сустрэчы ва ўкраінскім парламенце

Сёння ў Кіеве адбылася сустрэча прадстаўнікоў Палка Каліноўскага з Міжфракцыйным дэпутацкім аб‘яднаннем у Вярхоўнай Радзе Украіны «Дэмакратычная Беларусь», паведаміла прэс-служба Палка.

19.10.2022 / 17:36

На сустрэчы прысутнічалі 12 украінскіх народных дэпутатаў на чале з кіраўніком аб'яднання Аляксеем Ганчарэнкам.

Падчас яе абмяркоўваліся пытанні беларуска-ўкраінскіх адносін у кантэксце расійскай агрэсіі.

Дэпутаты задэкларавалі жаданне супрацоўнічаць з Палком Каліноўскага як з легітымным, на іх думку, прадстаўніком беларускага народа.

У адказ на запыт байцоў Палка Каліноўскага дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны вырашылі запрапанаваць свайму Кабінету Міністраў унесці папраўкі ў Пастанову Кабінета Рады Міністраў Украіны № 168-2022-п, якая тычыцца выплат вайскоўцам, асобам шараговага і каманднага складу, паліцэйскім і іх сем'ям падчас дзеянн ваеннага становішча. Таксама дэпутаты вырашылі вынесці на галасаванне пастанову аб прызнанні Беларусі часова акупаванай Расіяй тэрыторыяй.

Акрамя таго, была нібыта дасягнутая дамоўленасць, што

дэпутаты Вярхоўнай рады Украіны разам з прадстаўнікамі Палка Каліноўскага будуць адстойваць інтарэсы беларускага народа ў еўрапейскіх і сусветных парламенцкіх інстытуцыях АБСЕ, ПАРЕ, Парламенцкай асамблеі НАТА.

Апошнім часам дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны, прытым нават на ўзроўні кіраўніка камітэта па замежных справах, зрабілі некалькі скандальных заяў, з якіх можна зразумець, што ва ўкраінскіх палітычных колах набывае папулярнасць ідэя аб палітычным выкарыстанні Палка Каліноўскага як альтэрнатывы легітымнаму прадстаўніцтву беларускага дэмакратычнага руху ў асобе Офіса Святланы Ціханоўскай і Аб'яднанага пераходнага кабінета. Не выключана, што гэтая сустрэча — таксама працяг гэтай тэндэнцыі.

Чытайце таксама:

Кіраўнік камітэта Вярхоўнай Рады па замежных справах: Украіна не прызнае Ціханоўскую, бо яна не называе рэчы сваімі імёнамі

Nashaniva.com