Лукашэнка: Беларусь — у Еўропу!..
Прэс-канферэнцыю для расійскіх журналістаў каментуе ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.
02.10.2009 / 17:14
На прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў 2 кастрычніка быў, з аднаго боку, агучаны стандартны варыянт экспартнага піяру, разлічанага на аўдыторыю ўсходняй суседкі. Так, манеўры «Захад-2009» паднесены як галоўны доказ, што Лукашэнка не «кінуў» Маскву. Прагучала нават, што ў саюзнай дзяржавы — «светлая будучыня».
Але паралельна ён вываліў такую, мякка кажучы, крытычную масу крыўдаў (рэфрыжэратары з малаком на мяжы спынялі, «Паўночную плынь» і БТС-2 будуюць, замест таго каб выкарыстоўваць беларускі транзіт, да сваіх радовішчаў не дапусцілі), — што вожыку зразумела: саюзны праект мёртвы, шмат якія супярэчнасці бакоў — антаганістычныя.
Пуцін пры гэтым стаў галоўнай мішэнню. Ён і на манеўры ў свой час не прыехаў, і газ у студзені 2004 года загадаў адключыць… Былы прэзідэнт і цяперашні кіраўнік ураду Расіі прафігураваў у чорным святле мо’ разоў дзесяць. Гэта азначае, што масты ў асабістых дачыненнях спалены.
Цяпер трэба маліцца, каб ён не вярнуўся ў Крэмль у 2012-м. Зрэшты, наіўна думаць, што можна ўбіць нейкі клін між Мядзведзевым і Пуціным. Пры тым што зараз іхняя канкурэнцыя абвастрылася, у дачыненні да Беларусі палітыка адрозніваецца хіба нюансамі. Звыш таго, Пуцін і на прэм’ерскай пасадзе мае багата магчымасцяў насаліць.
Што ж у сухой астачы, калі адкінуць зашмальцаваную рыторыку «славянскага братэрства»?
Пагадненне пра КСАР АДКБ неўзабаве, мусіць, будзе падпісана. У гэтым пытанні рэсурс манеўравання вычарпаны. Што ж да прызнання Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй, то тут яшчэ бабуля надвая варажыла. Лукашэнка віртуозна ўхіляўся ад наўпроставага адказу пра тэрміны чаканага акту. І ўрэшце заявіў: расійскае кіраўніцтва само вінаватае, не трэ’ было спрабаваць нас «нахіліць».
Гэтая тэза тэарэтычна дазваляе цягнуць рызіну колькі заўгодна, бо прэтэнзіі да Масквы заўсёды будуць. «Нахіліць» Масква можа толькі ў выпадку, калі зусім скончацца грошы. Але Лукашэнка пахваліўся, што тут ратуюць «ворагі» з МВФ.
Карацей, пакуль што можна ўпірацца. Ён, дарэчы, чарговы раз прадэманстраваў няўступлівасць у пытаннях продажу актываў. Маўляў, па-першае, давайце сапраўдную цану (якую суб’ектыўна вызначае гаспадар, каторы можа круціць носам колькі заўгодна), па-другое, згаджайцеся на трохгадовы «выпрабавальны тэрмін» — нейкі дзіўны варыянт кшталту канцэсіі. Ну і, нарэшце, красамоўны адлуп быў дадзены ідэі адзінай валюты: хочаце, каб я ў Крэмль па заробак ездзіў?
Самае ж парадаксальнае вось у чым. На тле намаляванага Лукашэнкам непрывабнага вобразу ўсходняй суседкі (жахлівая карупцыя, алігархі, эгаізм ды хцівасць элітаў) гучаў рэфрэн, што Беларусь можа і мусіць выйсці на ўзровень лепшых краін Еўропы. Мы ж, маўляў, не зломкі.
Натуральна, беларускі афіцыйны лідэр мае на мэце аўтарытарны варыянт мадэрнізацыі. Але паказальна, што тэзы пра асаблівы шлях і ўнікальную мадэль адсунуты ўбок. Так што гэты доўгі піяраўскі спектакль перад расійскімі журналістамі можа мець і каліва станоўчага плёну. Наш абываталь, адкінуўшы прапагандысцкае шалупінне, умацуецца ў выснове, што
будучыня Беларусі — не ў хаўрусе з карумпаванай сыравіннай дзяржавай, а ў натуральным вяртанні ў рэчышча еўрапейскай цывілізацыі.