Пракурор, супрацоўнік банка, начальнік аддзела Life. Каго маглі затрымліваць па справе «Чорнай кнігі Беларусі», дзе працаваў агент ГУБАЗіКа

Дзевяць месяцаў у «Чорнай кнізе Беларусі» дзейнічаў агент ГУБАЗіКа. Праз яго былі затрыманыя многія людзі, якія перадавалі інфармацыю «ЧКБ». Што вядома пра гэтых людзей і якія тэрміны яны атрымалі, сабрала Радыё Свабода.

19.10.2022 / 20:14

У ліпені 2022 года Следчы камітэт распаўсюдзіў прэс-рэліз, што ў рамках расследавання крымінальнай справы па «Чорнай кнізе Беларусі» затрымана каля 20 чалавек. Паводле СК, «група тэхнічнай падтрымкі» канала налічвала дзясяткі чалавек — у тым ліку работнікаў дзяржаўных органаў, былых праваахоўнікаў і асоб, якія мелі доступ да асабістых звестак беларусаў. Менавіта яны «злівалі» інфармацыю пра чыноўнікаў і сілавікоў.

«Чорная кніга Беларусі» ўзнікла ў верасні 2020 года ў адказ на гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур. У аднайменным тэлеграм-канале публікаваліся асабістыя звесткі людзей, якія спрычыніліся да фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў.

Не так даўно стала вядома, што ў праект «Чорная кніга Беларусі» амаль ад моманту стварэння быў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко, які адпрацаваў у «ЧКБ» дзевяць месяцаў. Гайко меў звесткі пра людзей, якія дасылалі ў чат-бот «ЧКБ» інфармацыю пра чыноўнікаў і сілавікоў. Выявілі яго толькі ў маі 2021 года.

Свабода паглядзела, пра якія затрыманні вядома ў рамках гэтай крымінальнай справы.

Зміцер Падрэз

Айцішнік, а таксама стрыт-арт-мастак. Быў затрыманы ў ліпені 2021 года, у хуткім часе пасля раскрыцця асобы Гайко. Праваабаронцы адзначалі, што пры затрыманні з яго здзекаваліся і білі яго. Да Падрэза ў кватэру сілавікі трапілі праз вокны, спусціўшыся па вяроўках.

Пазней з'явіліся сьведчанні, што пры затрыманні ў кватэры Падрэза сілавікі рэзалі карціны, разбілі стары ноўтбук. Калі прыбыў ГУБАЗіК, то ад іх затрыманы пачуў: «Сардэчна запрашаем у гестапа».

Суд адбываўся пры зачыненых дзвярах. 15 сакавіка 2022 года Падрэзу агучылі вырак — сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён у калоніі ў Магілёве.

Сяргей Петрушэнка

Тэлеграм-каналы, блізкія да ГУБАЗіКа, адкрыта паведамлялі, што Петрушэнку ўдалося выявіць дзякуючы працы іх супрацоўніка, які быў укаранёны ў працу «Чорнай кнігі Беларусі». Сяргей Петрушэнка — у мінулым работнік «Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і кадастры».

Генеральная пракуратура пісала пра Петрушэнку, што ён ад верасня 2020-га да чэрвеня 2021 года (у гэты месяц якраз яго затрымалі) перадаваў адміністратарам «Чорнай кнігі Беларусі» звесткі пра суддзяў, работнікаў пракуратуры, Следчага камітэта і МУС.

У жніўні 2022 года Петрушэнку асудзілі на 6,5 года калоніі. Цяпер ён у СІЗА ў Баранавічах.

Наталля Лашч

Былая работніца пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска, затрыманая ў жніўні 2022 года за «зліў» персанальных звестак у «Чорную кнігу Беларусі», пра гэта справаздачылася Генеральная пракуратура. Апошнім часам працавала ў сферы ІТ. Супраць Лашч завялі крымінальную справу па артыкуле 130 КК «Распальванне варажнечы». Трымаюць яе ў СІЗА на Валадарскага.

Андрэй Гарун

У мінулым быў сілавіком. Перад затрыманнем працаваў у EPAM. Затрыманы ў кастрычніку 2021 года за перадачу персанальных звестак тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі». Суд яшчэ не адбыўся, трымаюць Гаруна ў СІЗА на Валадарскага.

Святлана Бычкоўская

Жанчына працавала ў службе «Адно акно» Кастрычніцкага раёна Мінска. Крымінальную справу завялі за распальванне варожасці. У відэа, якое здымалі сілавікі, Бычкоўская казала, што перадавала звесткі «Чорнай кнізе Беларусі». Супраць яе завялі крымінальную справу па артыкуле 130 КК «Распальванне варожасці», як і супраць іншых фігурантаў справы. Праваабаронцам пакуль невядома пра суд над затрыманай.

Васіль Ермакоў

У мінулым вядучы эканаміст банка БелВЭБ. Затрыманы ў ліпені 2022 года. У знятым сілавікамі відэа Ермакоў казаў, што перадаваў дадзеныя адмінам «Чорнай кнігі Беларусі». Суд над ім яшчэ не адбыўся.

Начальнік аддзела маркетынгу Life

У лютым 2022 года ГУБАЗіК паведаміў пра затрыманне начальніка аддзела маркетынгу і распрацоўкі аператара мабільнай сувязі Life. Яго абвінавачвалі ў зліве персанальных звестак сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў. Супраць 31-гадовага менеджара завялі крымінальную справу за распальванне варажнечы. Ягонага імя не называлі ні сілавікі, ні праваабаронцы. Суд пакуль што не адбыўся.

Nashaniva.com