У Італіі затрымалі сына губернатара Краснаярскага края
Затрыманага ў Італіі расійскага бізнэсмена Арцёма Уса могуць экстрадаваць у ЗША па справе аб адмыванні грошай і ўхіленні ад санкцый. Пра гэта паведаміў амерыканскі Мінюст.
19.10.2022 / 22:10
Арцём Ус
Па версіі ведамства, Арцём Ус і яшчэ чацвёра расіян удзельнічалі ў схемах па рэалізацыі нафты з Венесуэлы з выкарыстаннем падстаўных кампаній і крыптавалют, а таксама займаліся закупкай на Захадзе подсанкцыйнай электронікі падвойнага прызначэння і ваенных тэхналогій.
У амерыканскім Мінюсце адзначылі, што акрамя Уса ў Італіі затрыманы яшчэ адзін абвінавачаны. ЗША дамагаюцца іх экстрадыцыі.
Арцём Ус — сын Аляксандра Уса, які кіруе расійскім Краснаярскім краем з 2017 года. Ус-старэйшы цяпер таксама знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі за падтрымку вайны ва Украіне.
Днямі ў Нарвегіі з дронамі на яхце затрымалі таксама 47-гадовага сына экс-кіраўніка Расійскай чыгункі Андрэя Якуніна. У яго канфіскавалі дрон і электронныя прылады.