Урад зацвердзіў новую сістэму рэгулявання цэн — як на беларускае, так і на імпарт
Урад Беларусі зацвердзіў новую сістэму рэгулявання цэн. Пра падпісанне адпаведнай пастановы паведамілі ў прэс-службе Саўміна.
19.10.2022 / 22:29
Новая сістэма закране ўсе тавары — як айчынныя, так і імпартныя.
Вытворцаў абавяжуць узгадняць павышэнне адпускных цэн з дзяржорганамі, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.
Імпарцёраў і гандаль — усталёўваць гранічныя максімальныя надбаўкі без залежнасці ад колькасці пасрэднікаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе.
Цэны на рэшткі тавару трэба прывесці ў адпаведнасць з патрабаваннямі пастановы на працягу 5 працоўных дзён.
Абмяжоўваюцца бартарныя пагадненні — іх таксама абавязалі ўзгадняць з дзяржорганамі.
Забараняюцца бонусы і іншыя ўзнагароджанні па прасоўванні тавараў у гандлі для айчыннай прадукцыі.
Дзяржорганы надзеленыя дадатковымі паўнамоцтвамі па кантролі за выкананнем заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні.
Раней дырэктывай № 10 «Аб недапушчальнасці росту цэн» Аляксандр Лукашэнка забараніў павышэнне цэн і загадаў ураду да 20 кастрычніка зацвердзіць новы парадак іх рэгулявання на падставе прапаноў камісіі пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.
Да гэтага ў Беларусі дзейнічала сістэма рэгулявання цэн, якая прадугледжвала абмежаванні на памер штомесячнага росту цэн шэрагу тавараў, у першую чаргу сацыяльна значных. Акрамя таго, былі абмежаваныя памеры гандлёвых надбавак, надбавак імпарцёра, а таксама рэнтабельнасць вытворцаў.