Мінская суддзя, якая штампавала палітычныя прысуды, падалася ў адвакаты
Дзясяткі кваліфікаваных адвакатаў страцілі ліцэнзіі за свае палітычныя погляды. Іх месца займаюць «правераныя» людзі. Суддзя Юлія Густыр добра вядомая мінскім пратэстоўцам. У снежні 2021-га яна зняла судзейскую мантыю, а цяпер вяртаецца да працэсаў — у новай якасці.
20.10.2022 / 19:31
Густыр працавала ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Палітычныя справы яна разглядала яшчэ да выбараў. Так, у снежні 2019 года яна судзіла ўдзельнікаў акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй.
У жніўні 2020 дала 10 сутак «дыджэю перамен» Уладзіславу Сакалоўскаму за песню Цоя, якую той разам з калегам уключыў на дзяржаўным мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы. Яе рашэннем атрымлівалі суткі музыка Цім Суладзэ, палітык Анатоль Лябедзька.
Агулам за палітыку суддзя выдала 607 сутак адміністрацыйнага арышту і штрафаў на амаль 39 тысяч рублёў, згодна з грамадзянскай сістэмай маніторынгу zubr.cc. Але гэтыя звесткі, вядома, няпоўныя, у рэальнасці ахвяр палітычнага пераследу нашмат больш, чым вядома праваабаронцам.
Густыр разглядала і крымінальныя справы. Мінскага архітэктара Арцёма Такарчука яна пакарала 3,5 гадамі калоніі — за тое, што падчас мірнага марша за свабодныя выбары той ударыў вайскоўца, які беспадстаўна затрымліваў дэманстрантаў. Сам архітэктар быў жорстка збіты.
Іншаму мінчуку яна дала 2 гады калоніі за кінуты ў бок міліцэйскага аўтобуса піўны келіх.
За спробу адбіцца ад амапаўцаў у ліпені 2020 года Густыр адправіла на 3 гады ў калонію 22-гадовага дэманстранта. А за сарваны з вадамёта элемент прысудзіла мінчуку 2 гады калоніі.
Усе гэтыя справы былі звязаныя не з хуліганствам, а са спробамі людзей дабіцца выканання элементарных нормаў законнасці — сумленнага падліку галасоў на выбарах, свабоды слова і сходаў.
Пасаду суддзі Густыр пакінула ў канцы мінулага года «ў сувязі са сканчэннем тэрміну паўнамоцтваў».
Ліцэнзію адваката былая суддзя атрымала зусім нядаўна, 10 кастрычніка.
Цяпер Густыр працуе ў юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцага раёна Мінска. Яе профіль — адзіны без фота на сайце кансультацыі.
З канца жніўня прайшла чарговая хваля затрыманняў адвакатаў. Прыйшлі па былую адвакатку мастака Алеся Пушкіна Юлію Юргілевіч. Схапілі Уладзіміра Ангельскага — ён абараняў адваката Віталя Брагінца, якога трымаюць на Валадарцы па «народным» артыкуле 342. На суткі адправілі адвакатаў Міхаіла Макарава, які абараняў у судзе палітвязня Мікіту Дранца па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння», і яго жонку, таксама абаронцу, Вікторыю Гулькову. Затрымалі таксама адвакатку Настассю Сагановіч.
Пасля выбараў 2020-га больш за 60 адвакатаў пазбавілі права абараняць людзей у судах.
Цяпер у краіне каля 1100 абаронцаў працуюць па крымінальных справах. Па меркаванні аднаго з іх, толькі 10 працэнтаў гатовыя брацца за палітычныя справы.