«Дамашні мёд не ідзе ні ў якое параўнанне з дзікім». Як палескі бортнік захоўвае старажытны промысел
Традыцыі старажытнага промыслу бортніцтва захоўвае жыхар вёскі Перароў Жыткавіцкага раёна Сяргей Герман. У кастрычніку, у самы разгар здабычы дзікага мёду старым дзедаўскім спосабам, на адмысловым пантоне з лодак ён па рацэ дабіраецца да астравоў на балоце. Яго пчальнік — сто калод, многім за стагоддзе, расказвае газета «Звязда».
23.10.2022 / 22:28
Сяргей Герман — адзін з самых вядомых пчаляроў на ўсю акругу Прыпяцкага Палесся, які займаецца менавіта борцевым пчалярствам. У яго сям'і дагэтуль захоўваюцца борці, якім не менш за два стагоддзі. Перароўскі бортнік захапіўся гэтай справай, калі яму не было яшчэ і 10-ці гадоў.
— Бортнікам быў мой дзед Віктар. У 1935 годзе ў яго ўжо была свая бортная пчалярня ўздоўж Прыпяці, — тлумачыць Сяргей. — Усё, што ведаю пра промысел, чым карыстаюся і цяпер у рабоце, — гэта тое, што перадаў мне дзед, а ён пераняў усё неабходнае ад свайго дзеда.
Прыняў усю дзедаву борцевую гаспадарку Сяргей у 20 гадоў. Пасля школы пайшоў у армію, а калі вярнуўся, дзед зусім здаў і борці заставаліся доўгі час недагледжанымі.
— Давялося аглядаць, чысціць усе калоды, бо і стрэхі ў іх паразбураліся. Пры гэтым тады, у 1990-я борцевы мёд увогуле не карыстаўся попытам. Але я вырашыў даглядаць дзедавы борці, а паралельна завёў традыцыйныя рамачныя вуллі.
Калі «дамашнія» пчолы далі першы мёд, пакаштаваў яго і зразумеў, што ні ў якое параўнанне мёд з рамачнага вулля не ідзе з тым самым дзікім дзедавым мёдам, на якім я вырас. І нешта так мне захацелася, каб усе паспрабавалі сапраўдны мёд майго дзяцінства, — згадвае жыткавіцкі бортнік.
Тады ў традыцыйныя рамачныя вуллі Сяргей Герман перанёс тэхналогіі, якія дапамаглі мёду спець як у калодзе. Пчальнікі з рамачнымі вуллямі таксама, як і борці, ён размясціў на тэрыторыях, аддаленых ад палёў, высаджаных людзьмі, — на астравах сярод балот, на заліўных лугах, у глыбіні пушчы. Як і з калоды, адпампоўвае мёд толькі адзін раз, у канцы жніўня.
— Па смаку мёд з гэтых вулляў чымсьці падобны на дзікі борцевы, але ўсё адно — не тое. У калодзе захоўваецца пэўная тэмпература, якую нельга стварыць у звычайным вуллі, — паясняе Сяргей.
Свае лясныя пчальнікі са 120 рамачных вуллеў ён трымае, каб была фінансавая магчымасць займацца менавіта традыцыйным бортніцтвам. Цікавасць да аднаўлення старажытнага промыслу і попыт на дзікі борцевы мёд на рынку пчалярскай прадукцыі сталі адраджацца толькі ў апошнія гады. У сваёй акрузе Сяргей Герман увогуле застаўся адзін, хто займаецца бортніцтвам. Ён перакананы: вельмі важна данесці беларусам, што праз захаванне старажытнага промыслу можна выратаваць і ўнікальную дзікую палескую пчалу.
— У калодах бортнік не карыстаецца зусім ніякімі лекамі для пчол — ніякай хіміі і мінімум умяшання ў жыццё пчалінай сям'і. Так, наша дзікая палеская пчала больш «зласлівая», вядома, не такая ручная, як папулярныя сёння дамашнія пчолы Бакфаст. Цяпер, на жаль, з-за кармлення цукрам, ужывання вялікай колькасці прэпаратаў і антыбіётыкаў пчолы без чалавека становяцца амаль нежыццяздольныя становяцца, — перакананы Сяргей Герман. — У калодах дзікія палескія пчолы моцныя. Напрыклад, два дзясяткі калод пайшло ў зіму, а выжыла толькі палова з іх да вясны. Але гэтыя пчолы, што засталіся ў дзесяці калодах, настолькі моцныя, што яны ўжо не баяцца ніякіх хвароб, і патомства дадуць такое ж устойлівае.
Дзікая палеская пчала, у адрозненне ад выведзенай хатняй, не збірае нектар з усіх кветак, што трапляюцца, а толькі з пэўных кветаносаў, якія ўжо стагоддзямі растуць на ўзбярэжжы Прыпяці. Ад таго і смак, і пах дзікага мёду з борцяў такі адметны.
— Таму так важна захоўваць сапраўдную дзікую палескую пчалу, бо калі яна знікне, наогул не будзе больш такога мёду, — заклікае Сяргей.
Сёння бортнік з Перарова даглядае сто калод. Яны размешчаны на працягу сарака кіламетраў па берагах Прыпяці ў Жыткавіцкім і Петрыкаўскім раёнах.
— Калода размяшчаецца традыцыйна на хвоях ці дубах на вышыні 10—12 метраў. Вельмі складана абслугоўваць калоду на такой вышыні. Працуем са страхоўкай. Раней на дрэва паднімаліся пры дапамозе ляза — так ў Жыткавіцкім і Петрыкаўскім раёнах называлася доўгая вяроўка, як страховачны трос у альпіністаў, на якім вісеў бортнік і абслугоўваў калоду. Калі я быў маленькі, то на дрэва залазіў па гойстры — у бортнікаў гэта дубовая палка тры метры даўжынёй, на якой абсякаліся сучкі і яна станавілася што лесвіца, — згадвае мужчына.
Сучасныя бортнікі выкарыстоўваюць драбіны. Гэта зручна, бяспечна і больш можна абслужыць калод у дзень. Калі, вісеўшы на лязе, раней бортнікі абслугоўвалі дзве — тры калоды, з драбін у дзень атрымаецца 10 — 12, тлумачыць Сяргей Герман.
Цяпер для бортніка з жыткавіцкага Перарова якраз на фінішнай прамой самая гарачая і адказная пара — здабыча мёду і падрыхтоўка на зіму калоды. У ёй, у кубле і будзе зімаваць пчаліная сям'я. А ўжо ранняй вясной вернецца бортнік да сваіх калод з рэвізіяй: вычысціць борці, прыбраць «мор», паглядзець, ці трэба пераразмеркаваць мёд для пчол па калодах, дзе яго пасля зімы не засталося. У калодзе, дзе пчаліная сям'я не выжыла за зіму, зрабіць апрацоўку і «зачыніць» калоду, каб у ёй пчолы пасяліліся зноў.
— Сёлета ўпершыню са мной на промысел пайшоў мой 13-гадовы сын Аляксандр, ён працаваў у лесе і на балотах. Марым паставіць яшчэ 70 борцяў на астравах уздоўж ракі. На скручаных шрубамі дзвюх лодках устанаўліваем жардзіны і перавозім так праз раку міні-трактар, каб лягчэй было перавезці новыя калоды, драбіны і ўсё неабходнае. Так, патрохі, па 20-30 калод штогод абнаўляем, — распавёў Сяргей Герман.
У бортніка ёсць надзея, што ў хуткім часе знойдуцца аднадумцы, якія таксама будуць развіваць старажытны палескі промысел. У вёску Перароў не так даўно пераехалі маладыя сем'і з Жыткавіч, якія хочуць пераймаць майстэрства бортніцтва ад сям'і Германаў.