Чым будзе займацца «Усебеларускі народны сход» і каго туды прызначаць — законапраект
Апублікаваны законапраект «Аб Усебеларускім народным сходзе». Там апісваецца, хто ж зойме 1200 месцаў у новаствораным органе, чым гэтыя людзі будуць займацца і хто будзе вызначаць памер іх фінансавання.
24.10.2022 / 18:22
Фота: lluban.by
Што такое Усебеларускі народны сход
Паводле законапраекта, Усебеларускі народны сход — «вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя». Ён будзе вызначаць «стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду».
Першае яго пасяджэнне збярэ Цэнтральная выбарчая камісія не пазней за 60 дзён пасля выбараў дэпутатаў. Іх абяруць напрацягу аднаго дня галасавання. Кіраваць Сходам да абрання старшыні будзе ачольнік ЦВК.
Максімальная колькасць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу — 1200 чалавек.
Хто ж будзе дэлегатам
— дзейны і былыя прэзідэнты;
— прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай (прэм'ер-міністр, яго намеснікі, старшыні выканкамаў) і судовай улады;
— прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў;
— прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Ім, паводле законапраекта, адведзена 400 дэпутацкіх месцаў. Што гэта за арганізацыі, якія змогуць вылучаць прадстаўнікоў, законапраект не тлумачыць. Сцвярджаецца, што дэпутаты «ад грамадзянскай супольнасці» будуць прадстаўляць кожную вобласць і Мінск.
Па сутнасці гэты орган нікім не будзе абірацца. Яго стварэнне выглядае як спроба ўвекавечыць захоп улады адной сілай.
Якія правы будуць мець дэлегаты Сходу
— атрымліваць ад дзяржаўных органаў, іншых арганізацый або службовых асоб інфармацыю і тлумачэнні па пытаннях, аднесеных да іх кампетэнцыі;
— вывучаць грамадскую думку, праводзіць сустрэчы з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі;
— уносіць прапановы для разгляду на пасяджэннях Усебеларускага народнага сходу і яго органаў.
Якія будзе мець паўнамоцтвы Сход
— зацвярджаць асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, а таксама праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця;
— заслухоўваць штогадовыя пасланні прэзідэнта ды прэм'ер-міністра аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця;
— прапаноўваць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю;
— будзе мець правы заканадаўчай ініцыятывы ды разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў.
Пасланне прэзідэнта будзе заслухоўвацца без абмеркавання і прыняцця рашэнняў. Што да дакладу старшыні ўраду, то яго будуць абмяркоўваць з прыняццем адпаведнага рашэння.
Змяшчэнне кіраўніка дзяржавы
Сходу далі права здымаць з пасады кіраўніка дзяржавы, калі ён сістэматычна або груба парушае канстытуцыю або ўчыніў дзяржаўную здрады ці іншае цяжкое злачынства.
«Абвінавачванне мусіць быць падтрыманае не менш чым трацінай ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў або не менш чым 150 тысячамі грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам», — заяўляецца ў законапраекце.
У ім адзначаецца, што прапанова аб выстаўленні абвінавачання і зняцце кіраўніка краіны з пасады мае быць матываваным. Расследаванне арганізуе сам Сход. Калі на працягу двух месяцаў не будзе прынята рашэнне аб расследаванні, то абвінавачанне страчвае сілу.
Іншыя кампетэнцыі
Сход можа прымаць рашэнне аб магчымасці накіравання вайскоўцаў, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, іншых асоб за межы краіны «для ўдзелу ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі і дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі».
Таксама мае права ўвесці надзвычайнае або ваеннае становішча «у выпадку бяздзейнасці прэзідэнта».
Сход можа пастанавіць, што адбытыя выбары нелегітымныя. У гэтым выпадку прызначаюцца і праводзяцца паўторныя выбары
Як будзе працаваць Сход
Пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу збіраюцца праводзіць не радзей за адзін раз на год.
Але ён можа быць скліканы на пазачарговае пасяджэнне па ініцыятыве прэзідэнта, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, а таксама па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам.
Рашэнні Сходу — абавязковыя для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў.
Як будзе фінансавацца Сход
Паводле законапраекта, «матэрыяльна-тэхнічнае і сацыяльна-бытавое забеспячэнне дзейнасці Усебеларускага народнага сходу ажыццяўляецца Кіраўніцтвам спраў прэзідэнта».
Яго фінансаванне будзе закладацца ў рэспубліканскі бюджэт.
«Каштарыс расходаў Усебеларускага народнага сходу складаецца штогод і зацвярджаецца рашэннем Усебеларускага народнага сходу», — адзначаецца ў законапраекце
Пасля таго як законапраект стане законам, урад у шасцімесячны тэрмін мае: забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым законам ды прыняць іншыя меры, накіраваныя на яго рэалізацыю.
Грамадскае абмеркаванне законапраекта фармальна працягнецца з 24 кастрычніка па 2 лістапада, але па факце законапраект будзе прыняты ў тым выглядзе, які прадыктуюць улады.