Ля замка ў Крэве знайшлі газалярм
Гэта прыстасаванне, каб падаваць сігналы газавай трывогі. Яго выкарыстоўвалі ў Першую сусветную вайну
26.10.2022 / 12:45
Вось што расказаў пра знаходку журналісту «Рэгіянальнай газеты» навуковец, даследчык Крэва Алег Дзярновіч:
— Дзве такія круглыя металічныя пласціны знайшлі каля паўднёвай сцяны Крэўскага замка. Гэта газалярм — сігнал газавай трывогі. У такое прыстасаванне нямецкія жаўнеры білі, калі пачыналася газавая атака з расійскага боку. На адным з экземпляраў нават захаваўся дрот, якім мацаваўся газалярм.
Так газалярм выглядаў у Першую сусветную. Фота з архіваў Уладзіміра Багданава
Сёлетні рэстаўрацыйны сезон — асабліва плённы па знаходках. У тым ліку па знаходках часоў Першай сусветнай вайны. Тут знайшлі і разарваныя снарады, і калючы дрот, і розныя прыстасаванні для яго накручвання.
У час Першай сусветнай праз Крэва праходзіла лінія фронту і больш як тры гады вяліся пазіцыйныя баі. Замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі, тут збудавалі сховішчы і назіральныя пункты. Менавіта Першая сусветная вельмі моцна разбурыла замак. Падчас абстрэлаў асабліва пацярпела Княжацкая вежа і сцены ў паўднёвай частцы замка.