Неверагодныя беларускі. ТОП-7 літаратарак. Новае відэа на канале Андрэя Хадановіча
У нашым патрыярхальным грамадстве жанчыны не мелі і не маюць роўных магчымасцяў з мужчынамі, таму важна больш распавядаць і падтрымліваць жаночыя ініцыятывы ў беларускай літаратуры. Лавіце хіт-парад улюбёных беларускіх літаратарак Андрэя Хадановіча.
26.10.2022 / 16:14
Паэт і блогер расказвае:
— хто з’яўляецца першапраходніцамі беларускай жаночай літаратуры;
— якое месца ў творчасці Алаізы Пашкевіч займае Украіна;
— вершы Ларысы Геніюш, якія служылі падтрымкай тым, каму найбольш патрэбныя;
— што найстрашнейшае на вайне — па меркаванні адной з гераінь твора Святланы Алексіевіч;
— як з’явіўся духоўны гімн Беларусі «Магутны Божа» на верш Наталлі Арсенневай;
— што за выпрабаванні выпалі на жыццё «палескай ластаўкі» Яўгеніі Янішчыц;
— як за тры кнігі паэзіі Таццяна Сапач стала адной з улюбёных паэтак Андрэя Хадановіча;
— Ева Вежнавец як адзіная жанчына — лаўрэатка прэміі Гедройця, і чаму яе перамога была бясспрэчнай.
Вось некалькі думак з новага відэа:
Украінскія старонкі займаюць значнае месца ў творчасці Цёткі. Мемарыяльная шыльда вісіць у яе памяць у Львоўскім універсітэце. Ёсць у яе верш «Суседзям у няволі». Голас акупаваных Расійскай імперыяй беларусаў, якія працягваюць руку паняволеным Аўстра-Венгерскай імперыяй украінцам.
Адна з абсалютных вяршыняў беларускай эмігранцкай літаратуры названая беларускімі рэжымнымі прапагандыстамі экстрэмісткай, але Наталля Арсеннева — аўтарка аднаго з самых культавых важных для нас гімнаў «Магутны Божа», якія напісаў на яе словы Мікола Равенскі. Сам верш называецца «Малітва», напісаны ў 1942 годзе ў Мінску пад нямецкай акупацыяй, але паглядзіце, якой універсальнай мовай — адчуванне, што аўтарцы баліць за ўсю Беларусь і ўсіх беларусаў, незалежна ад таго, з якога боку фронту і на якой пазіцыі яны.
Загадкавы выхад з акна на восьмым паверсе праз некалькі дзён пасля 40-годдзя знакамітай паэткі ў росквіце славы Яўгеніі Янішчыц. Самагубства, якое пакінула болей пытанняў, чым адказаў. Зрэшты, самагубства шматразова ў метафарах, а часам і прамым тэкстам прадказанае ў яе бліскучых вершах.
Беларуская жаночая літаратура яскравая, разнастайная, глыбокая і вельмі патрэбная нам сёння, таму глядзіце новы выпуск Андрэя Хадановіча ў новым фармаце, стаўце падабайкі, каментуйце і дзяліцеся гэтым відэа з сябрамі і сяброўкамі.