Пярцоў: Мы падыходзім да пытання рэгулявання алгарытмаў сацыяльных сетак

«Гэта вельмі сур'ёзная сфера», — заявіў міністр інфармацыі, выступаючы перад студэнтамі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, паведамляе БелТА.

27.10.2022 / 14:28

Уладзімір Пярцоў. Фота: БелТА

«Мы падыходзім да пытання рэгулявання алгарытмаў сацыяльных сетак, гэта вельмі вялікая сфера, вельмі сур'ёзная. Мы разумеем, што любая сацыяльная сетка прымяняе, на жаль, падступныя алгарытмы па фарміраванні пэўнага светапогляду ў дзіцяці. Гэта прыйшло з маркетынгу, але цяпер гэта поўная ідэалогія. І ўсё тое, што мы маем цяпер, гэта вынік таго, што мы дзесьці недапрацавалі. Таму важна сустракацца з моладдзю, глядзець дзецям у вочы, адказваць на любыя, самыя нечаканыя і самыя нязручныя пытанні», — сказаў Уладзімір Пярцоў.

Міністр лічыць, што інакш гэтыя адказы на пытанні дадуць «нашы апаненты».

«І будзе як з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, з гісторыяй генацыду беларускага народа і як з усімі астатнімі нашымі асноватворнымі пастулатамі. Пра якія мы думалі, што яны непарушныя. А цяпер маем тое, што столькі лухты, столькі фэйкаў. І ёсць ужо цэлае пакаленне, якое верыць у тое, што гэта праўда», — лічыць міністр.