Зачыніліся крамы абутку «Мегатоп», спынілася праца сайтаў «Марка» і «Белвеста»
Не працуе сайт буйной сеткі абутку «Мегатоп». «Ідуць тэхнічныя працы», — сказана ў аб'яве. Аказалася, што сёння зачыненыя і фізічныя крамы сеткі па ўсёй Беларусі.
27.10.2022 / 17:28
Напрыклад, увесь дзень зачыненая абутковая крама ў Светлагорску. Там адказалі, што распараджэнне пра гэта паступіла з Мінска — супрацоўнікі не ў курсе, ці ўзновіцца праца заўтра.
Пасля гэтага журналіст «Нашай Нівы» не змагла дазваніцца ў ніводную краму Бабруйска і шэраг крам у Мінску.
На гарачай лініі сеткі крам адказалі, што цяпер гандлёвыя пункты вельмі занепакоеныя і занятыя з-за пытанняў рэгулявання цэнаў.
На афіцыйнай старонцы ва «Укантакце» на наша пытанне пра тое, ці адчыненыя фізічныя крамы «Мегатоп», у кампаніі адказалі:
«На гэты момант крамы зачыненыя па тэхнічных прычынах. Неўзабаве пастараемся аднавіць нашу працу».
Сайты не працуюць і ў іншых абутковых крам — «Белвеста», «Марка». Як пазначана, праз тэхнічнае абслугоўванне.
У сацсетках кампаніі «Белвест» адказалі, што крамы гэтага брэнду ў Беларусі сёння працуюць. Атрымаць адказ ад прадстаўнікоў «Марка» мы пакуль не змаглі.
Скрыншот: сайт «Белвеста»
Скрыншот: сайт «Марка»
Верагодна, гэта звязана са зменамі ў цэнарэгуляванні — улады прынялі новыя пастановы, але не змаглі аператыўна растлумачыць, як працаваць па новых правілах.
Абноўлена. А 21-й гадзіне крамы адчыніліся, сайт запрацаваў (але з пазнакай, што магчымасць замоў праз яго часова абмежаваная).