Сілавікі затрымалі галоўнага спецыяліста Мінадукацыі, абвінавачваюць у перадачы звестак ЧКБ

У Мінску затрымалі супрацоўніка Міністэрства адукацыі Сяргея Навумчыка. 35-гадовы мужчына працуе на пасадзе галоўнага спецыяліста. Кадры яго затрымання і відэа з мужчынам з'явіліся 28 кастрычніка ў неафіцыйным тэлеграм-канале ГУБАЗіКа.

28.10.2022 / 16:56

Сяргей Навумчык у цэнтры. Фота з сацсетак

Затрымлівалі Навумчыка адразу некалькі сілавікоў — яны наляцелі на мужчыну, калі той спакойна ішоў па вуліцы.

Сілавікі сцвярджаюць, што Навумчык пісаў у «экстрэмісцкіх» чатах каментары з заклікамі да супраціву органам унутраных спраў, а таксама даслаў у бот канала «Чорная кніга Беларусі» персанальныя звесткі некалькіх суддзяў.

Мы не можам праверыць праўдзівасць гэтых сцвярджэнняў. Лукашэнкаўскія сілавікі раней часта распаўсюджвалі заведамую хлусню.

Супраць затрыманага, як сцвярджаецца, распачалі крымінальныя справы па артыкулах аб распальванні варожасці і незаконных дзеяннях з персанальнымі данымі.

Nashaniva.com