Патэнцыйны пераемнік Макея даў вялікае інтэрв'ю, у якім пакляўся ў вернасці сістэме і Расіі
Амбіцыёзны намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч у гутарцы з тэлеканалам АНТ выступіў з шэрагам установачных заяваў.
01.11.2022 / 15:20
Юрый Амбразевіч: скрыншот з відэа АНТ
Намеснік Уладзіміра Макея падкрэслена кляўся ў вернасці дзяржаўнаму ладу.
«Ёсць такія паняцці, як абавязак, любоў да радзімы. Для мяне, чалавека, які народжаны ў сярэдзіне 1970-х, — гэта не пустыя паняцці, яны вельмі сур'ёзным зместам напоўнены. Перш за ўсё, у тым сэнсе, што
«я» — гэта не проста я, не проста вынік любові маіх бацькоў, майго ўласнага развіцця, але ўва мне ёсць і вельмі шмат «мы». Вельмі шмат грамадства, дзяржаўнага ўнёску ў тое, што я такім стаў.
Я выдатна разумею, што без мільёнаў загінулых мяне б не было, не было б маіх бацькоў», — сказаў Амбразевіч.
«Без таго скачка ў развіцці, які здзейснілі мае продкі ў другой і трэцяй чвэрцях XX стагоддзя, мае бацькі праз 20 гадоў пасля самай спусташальнай вайны не атрымалі б вышэйшай адукацыі, а яны атрымалі вышэйшую адукацыю.
Потым далі яе мне. І просты хлопчык з віцебскай ускраіны змог стаць дыпламатам, скончыць юрыдычны факультэт БДУ. Таму я глыбока перакананы, што гэта разуменне абавязку, гэта грамадства, дзяржава, гэты зборны вобраз радзімы…
Для мяне здрадзіць радзіме, заклікаць да шкоды, а тым больш прычыняць шкоду радзіме — гэта насамрэч горш, чым забіць чалавека», — заявіў беларускі дыпламат, намякаючы на заклікі да санкцый.
Пад словам «радзіма» лукашэнкаўцы часта разумеюць «сістэма», «рэжым Аляксандра Лукашэнкі», «улада», а не «краіна», «родны край», як большасць людзей.
Амбразевіч адзначыў, што з пункту гледжання Захаду аслабіць Беларусь — гэта значыць аслабіць Расію, а аслабіць Расію і Беларусь азначае аслабіць Кітай.
Дыпламат упэўнены, што ў гэтых адносінах заходнія краіны працягнуць спрабаваць ажыццяўляць свае планы, а калі б пратэсты ў нашай краіне перамаглі, то тут з'явіўся б марыянеткавы ўрад.
«Давайце ўявім 2020 год, уявім, што пратэсты перамаглі. На мой погляд, у выніку гэтага наша краіна абрала б ліберальна-дэмакратычны шлях і, адпаведна, мы б здзейснілі геапалітычны разварот. Гэта прывяло б да калапсу нашай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, прывяло б да страты той дзяржавы, як мы яе разумеем у цяперашнім выглядзе.
Таму што разбурыць тыя сувязі, якія мы 30 гадоў выбудоўвалі з Расіяй… гэта апынуцца на ўзроўні ў разы ніжэй, чым сітуацыя ва Украіне ў 2014 годзе, таму што сувязі Украіны з Расіяй былі на той момант значна менш інтэнсіўнымі. Страціць прэміяльны рынак, страціць магчымасці крэдытавання, узаемадзеяння з Расіяй, страціць той узровень даверу і, адпаведна, цэн на энерганосьбіты — гэта была б велізарная страта, катастрофа для нас як для дзяржавы і большасці жыхароў гэтай краіны», — мяркуе намеснік міністра замежных спраў.
«Тут ніякіх ілюзій няма, Захад дамагаецца выключна сваіх інтарэсаў стратэгічных, геапалітычных, пашырэння зоны ўплыву. Яны хочуць адсунуць дадаткова зону ўплыву Масквы ад іх. Усё досыць проста», — гаворыць Амбразевіч.
Дэманізацыя Захаду і апісанне свету ў тэрмінах змагання не на жыццё, а на смерць не перашкаджае Амбразевічу апісваць Беларусь у якасці «пастаўшчыка рэгіянальнай бяспекі».
«Усё гэта наш імідж. Таму, калі мы доўгія гады казалі пра тое, што Беларусь — гэта пастаўшчык рэгіянальнай бяспекі, на мой погляд, гэта абсалютна адказная пазіцыя. І мы сябе працягваем гэтак жа паводзіць», — сцвярджае дыпламат.
Насамрэч адносіны з чатырма з пяці краін-суседак Беларусі балансуюць на мяжы гібрыднай вайны і гарачага канфлікту, тады як пяты сусед, Расія, выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для ваенных дзеянняў супраць Украіны, а беларуская армія займалася тылавым забеспячэннем гэтых ваенных дзеянняў.
Амбразевіч робіць выгляд, што ў гэтым няма супярэчнасці, але ў яго словах пра ААН праскочыла, што ён насамрэч усведамляе, што лукашэнкаўская Беларусь апынулася ў міжнароднай ізаляцыі.
«Калі б хтосьці паставіў задачу ў ААН правесці рэзалюцыю сёння аб тым, што Рэспубліка Беларусь будзе называцца паравозам, то яны гэтую задачу вырашылі б. Правялі б. Таму мы вельмі адэкватна ўсведамляем даданую вартасць нашага ўдзелу ў ААН, мы абсалютна адэкватна бачым практычную каштоўнасць, якую мы можам атрымаць», — заявіў дыпламат.
Юрый Амбразевіч. Скрыншот з СТБ
Юрый Амбразевіч дасягнуў павышэння да пасады намесніка міністра замежных спраў шэрагам вернападданніцкіх заяў. Часам гэта былі заведама хлуслівыя сцвярджэнні. Так, ён заяўляў з трыбуны Рады па правах чалавека ААН, што ў Мінску пратэставалі «100, максімум 200 чалавек».
«На 9,5 мільёна насельніцтва [прыходзіцца] 20—30 тысяч падпісчыкаў на самыя раскручаныя Youtube-каналы галоўных праціўнікаў улады і 100, максімум — 200 чалавек пратэстоўцаў на двухмільённае насельніцтва сталіцы. Аналіз усіх гэтых пытанняў крытычна важны для разумення таго, што адбываецца ў Беларусі», — заявіў Амбразевіч.
Насамрэч толькі ў Мінску ў маршах пратэсту 16, 23 і 30 жніўня 2020 года бралі ўдзел сотні тысяч людзей. Масавыя акцыі пратэсту праходзілі таксама ў рэгіянальных гарадах. Усяго ж людзі выходзілі на вуліцы ў сотнях населеных пунктаў ва ўсёй Беларусі.
У верасні 2020 года Юрый Амбразевіч спрабаваў спыніць выступ Ціханоўскай перад Радай па правах чалавека ААН.
Для гэтага ён звярнуўся да мадэратара дыскусіі, заявіўшы, што выступ «асобна ўзятых грамадзян Рэспублікі Беларусь не можа разглядацца прымальным». Ягоную просьбу прыпыніць выступ Ціханоўскай падтрымалі Расія, Венесуэла і Кітай. Але гэта не дапамагло: Святлана Ціханоўская працягнула сваю прамову.
У сваёй прамове Святлана Ціханоўская запатрабавала неадкладнага міжнароднага ўмяшання ў сітуацыю ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне. Яна заявіла, што мірных пратэстоўцаў «затрымлівалі, збівалі, гвалтавалі, некаторыя з пратэстоўцаў памерлі».
«Што такое Святлана Ціханоўская? У яе няма і 100 тысяч падпісчыкаў у сацсетках»
Адказваючы на пытанне швейцарскіх журналістаў, ці мае намер беларускі ўрад пачаць дыялог з лідарамі апазіцыі, у прыватнасці са Святланай Ціханоўскай або Каардынацыйнай радай, дыпламат адзначыў: «Паглядзіце, кім з'яўляецца Святлана Ціханоўская. Паглядзіце ў інтэрнэце, колькі ў яе падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Гэтая лічба ніколі не перавышала 100 000 чалавек. Гэтым усё сказана».
Насамрэч Святлана Ціханоўская — гэта не блогер, а кандыдатка ў прэзідэнты, якая, няглядзячы на няроўныя ўмовы кампаніі, мяркуючы па выніках з тых участкаў, дзе ўдалося правесці незалежнае назіранне і дзе былі вывешаныя пратаколы, атрымала больш за 50 працэнтаў галасоў выбарцаў.
«Вазьміце бельгійскую эканоміку»
«Кажуць, што інтэграцыя з Расіяй — гэта непасрэдны шлях да страты суверэнітэту. У Беларусі ніяк не менш суверэнітэту, чым у Бельгіі, Чэхіі ці яшчэ кагосьці. Таму што вазьміце бельгійскую эканоміку: 60% тавараабароту прыпадае на Германію. Пра якую незалежнасць канкрэтна Каралеўства Бельгіі з пункту гледжання ўласнай бяспекі, узброеных сіл можа ісці гаворка канкрэтна ў кантэксце натаўскага супрацоўніцтва?» — заяўляў дыпламат.
Насамрэч гэтыя сцвярджэнні заснаваныя на характэрнай для Амбразевіча заведамай хлусні.
Статыстыка паказвае, што на Германію прыпадае не 60, а прыкладна 15% тавараабароту Бельгіі. Яшчэ столькі ж — на Нідэрланды, амаль столькі ж — на Францыю. І гэта натуральна, бо гэта краіны-суседкі з ёмістымі рынкамі. Пасля ідуць ЗША, Брытанія, Італія з блізкімі долямі. Гэта значыць, што замежны гандаль Бельгіі размеркаваны раўнамерна, яна не залежыць ад аднаго партнёра. У адрозненне ад лукашэнкаўскай Беларусі, у якой на Расію стабільна прыпадае прыкладна 50 працэнтаў замежнагандлёвага абароту, прытым што гэта тэхналагічна адсталая краіна з імперскімі амбіцыямі.
«Прапануецца ў далейшым весці гаворку пра дэсакралізацыю канцэпцыі правоў чалавека ў міжнародных адносінах як утопіі»
На «Пекінскім форуме па правах чалавека» Юрый Амбразевіч заяўляў, што ніякіх універсальных правоў чалавека не існуе.
«Як толькі чалавек нараджаецца, ён тут жа становіцца членам грамадства. Яго правы ўжо не залежаць толькі ад яго самога. Яны ўбудаваныя ў складаную грамадскую структуру, у якой праз ствараныя грамадствам дзяржаўныя інстытуты падтрымліваецца раўнавага паміж уласцівымі чалавечай прыродзе эгаізмам і фізічнымі адрозненнямі, з аднаго боку, і разуменнем супольнага дабра, уласцівым гэтаму канкрэтнаму грамадству, з другога», — казаў дыпламат.
«Мабыць, чалавек максімальна вольны і легальна ўпаўнаважаны на свой бязмежны эгаізм толькі ў момант з'яўлення на свет. Чым далей мы ад улоння маці, тым больш выяўляюцца накладзеныя грамадствам абмежаванні», — падкрэсліў намеснік міністра.
«Адпаведна, прапануецца ў далейшым весці гаворку пра дэсакралізацыю канцэпцыі правоў чалавека ў міжнародных адносінах як утопіі, што не паддаецца рэалізацыі на практыцы», — заявіў Юрый Амбразевіч.
Ëн увогуле ахвотна разважае пра «новы светапарадак», «сусветнае панаванне» і «эліты».
«Вельмі сумна, што ў сённяшнюю брудную, напоўненую фальшам і фэйкамі, вельмі небяспечную, разбуральную глабальную гульню за сусветнае панаванне палітычныя эліты заходніх краін уцягваюць, прычым часцяком сілком, і экспертную аналітычную супольнасць, радыкалізуючы яе погляды», — заяўляў Юрый Амбразевіч.
На думку лукашэнкаўскага чыноўніка, «надышоў час для глабальных дамоўленасцей аб правілах новага светапарадку».
«На бягучым этапе прэзідэнт Рэспублікі Беларусь глядзіць яшчэ далей: настаў час нават не для «Хельсінкі-2», а для сапраўды глабальнага і вызначальнага працэсу з уцягваннем усіх вядучых міжнародных гульцоў у духу Сан-Францыска», — казаў дыпламат.
Пры гэтым ён лічыць, што гэта не Расія ўварвалася на тэрыторыю Украіны, а Захад ваюе супраць Расіі рукамі ўкраінцаў.
«У маім разуменні, ва Украіне ваюе супраць Расіі ўвесь Захад рукамі ўкраінцаў. Як трапна было сказана вуснамі аднаго з заходніх палітыкаў, «да апошняга ўкраінца»», — паўтарыў устаноўку расійскай прапаганды лукашэнкаўскі дыпламат.