У Талачынскім раёне заўважылі вельмі рэдкую саву-бярозаўку

Сава-бярозаўка гняздуецца ў Скандынавіі і далей на ўсход да Камчаткі. Звычайна яна зімуе ў межах гнездавога арэала, але бывае, што і качуе на поўдзень. У ХХІ стагоддзі яе ў Беларусі рэгістравалі ўсяго некалькі разоў, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

03.11.2022 / 22:41

Гэтым разам птушку заўважыў і сфатаграфаў Павел Пакуль, навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах.

Сава-бярозаўка — невялікая птушка, памерам крыху большая за голуба. Руская яе назва «ястребиная сова» звязаная з тым, што гэтая сава нагадвае шуляка-карагольчыка (ястреба-перепелятника) афарбоўкай нізу цела, крылаў і хваста.

У палёце сава-бярозаўка таксама падобная да шуляка: пасля серыі ўзмахаў яна ляціць на распасцёртых крылах. Апроч гэтага, яна часта сядзіць на вяршыні дрэва, нахіліўшыся наперад, як шуляк, а не ў тыповай савінай позе «слупам».

Nashaniva.com