Брытанская разведка: Расія будуе ўмацаванні, падобныя да «лініі Вагнера», і на іншых акупаваных тэрыторыях

Чарговая зводка брытанскай разведкі прысвечаная будаўніцтву абарончых збудаванняў на акупаваных Расіяй тэрыторыях. У прыватнасці, піша разведка, такія збудаванні Расія пачала ўзводзіць вакол Марыупаля. Для гэтай мэты на двух заводах вырабляюцца жалезабетонныя пірамідальныя супрацьтанкавыя канструкцыі, вядомыя як «зубы дракона».

08.11.2022 / 10:37

Гэтыя канструкцыі, верагодна, былі ўсталяваныя паміж Марыупалем і пасёлкам Нікольскае; і ад Паўночнага Марыупаля да вёскі Стары Крым у Данецкай вобласці.

Як піша разведка, Расія ўмацоўвае свае пазіцыі ва ўсіх акупаваных тэрыторыях, у тым ліку ў Запарожскай і Херсонскай абласцях. 19 кастрычніка 2022 года ўладальнік «ПВК Вагнера» Яўген Прыгожын заявіў аб будаўніцтве «лініі Вагнера» ў акупаванай Расіяй Луганскай вобласці.

Гэтая дзейнасць сведчыць пра тое, што Расія прыкладае значныя намаганні для падрыхтоўкі глыбока эшаланаванай абароны за сваёй цяперашняй лініяй фронту, што, верагодна, прадухіліць хуткае прасоўванне Украіны ў выпадку прарыву.

Nashaniva.com