Міжнародная арганізацыя працы збіраецца ўвесці санкцыі супраць беларускага рэжыму
Сёння кіроўная рада Міжнароднай арганізацыі працы (структура ААН) прыняла рашэнне прымяніць свой 33 параграф у дачыненні да рэжыму ў Беларусі за сістэматычныя парушэнні ў дачыненні да працоўных і прафсаюзаў, а таксама ігнараванне рэкамендацый МАП, паведаміў у фэйсбуку дарадца Святланы Ціханоўскай Францішак Вячорка. Паводле яго, такое рашэнне дагэтуль прымалася толькі аднойчы ў гісторыі ў дачыненні да М’янмы.
08.11.2022 / 18:49
Цяпер да сакавіка наступнага года МАП павінен выпрацаваць санкцыйныя захады ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, а ў чэрвені іх прыняць на Канферэнцыі працы. Для гэтага 2/3 сяброў арганізацыі павінны будуць прагаласаваць «за».
Праўда, у сітуацыі, калі на беларускі рэжым і так накладзена ўжо шмат моцных эканамічных санкцый, цяжка сказаць, якія МАП зможа дадаць абмежаванні, што могуць становішча рэжыму яшчэ больш пагоршыць. Тым больш калі няма сумневу, што Расія да гэтых санкцый не далучыцца.